4-6 сакавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведае Гродна. Гэта будзе яго першы візіт у Гродзенскую дыяцэзію.
Плануецца, што 4 сакавіка, у свята св. Казіміра, каралевіча, другога па значнасці апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, арцыбіскуп апоўдні ўзначаліць святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. У Імшы прымуць удзел святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты і вернікі.
Падчас візіту чакаюцца сустрэчы Апостальскага Нунцыя з навучэнцамі і выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, з навучэнцамі катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
Апостальскаму Нунцыю будзе прапанавана наведванне некаторых парафіяльных супольнасцяў у Гродне, каб мець магчымасць сустрэцца з вернікамі, з прадстаўнікамі рэлігійных рухаў і малітоўных груп, а таксама наведванне горада.
У планах на заканчэнне візіту – сустрэча з гарадскімі ўладамі.
Больш дакладная праграма візіту арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Гродна будзе пададзена пазней.
Самы важны аспект задачы Апостальскага Нунцыя – прадстаўляць Папу ў мясцовым Касцёле. Галоўная задача Папы як бачнай асновы супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, — дапамагаць здзяйсненню адзінства ў веры, любові, сакрамэнтах і асноўных канонах Касцёла. Гэту задачу Папа выконвае і праз сваіх прадстаўнікоў. Для ажыццяўлення і ўмацавання гэтай супольнасці Нунцый прадстаўляе Папу, улічваючы асаблівасці мясцовага Касцёла ў адзінстве ўсяго Касцёла. Нунцый з’яўляецца своеасаблівым мастом паміж мясцовым Касцёлам і Апостальскай Сталіцай.
Мансеньёр Габар Пінтэр быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Беларусі 13 мая 2016 г.
JM