Skip to main content

Юбілейны Год распачынаецца ў айцоў піяраў

jubilejАйцы-піяры запрашаюць да супольнага перажывання Юбілейнага Года, падчас якога манахі будуць святкаваць 400-годдзе існавання ордэна і 250 год з дня кананізацыі яго заснавальніка св. Юзафа Каласанса. Афіцыйнае распачацце Юбілейнага Года адбудзецца 27 лістапада ў Рыме. Урачыстае распачацце ў Беларусі пройдзе 26 лістапада ў  Шчучыне, 27 лістапада ў Лідзе і Чавусах, дзе служаць айцы піяры.

Харызма ордэна піяраў - гэта праца з дзецьмі і адкрыццё для іх прыгажосці веры. Асновай піярскага выхавання з’яўляецца давер манахаў да дзяцей і моладзі. Заснаваўшы першую ў Еўропе бясплатную школу, Юзаф Каласанс меў на мэце толькі адно: даць магчымасць дзецям і падлеткам інтэгральна развівацца так, каб яны маглі змяняць свет. Піярскае выхаванне запрашае дзяцей і моладзь да сустрэчы з Тым, хто з'яўляецца сэнсам жыцця ўсіх веруючых людзей. 

У сувязі з гэтым Каласанаўскі Юбілейны Год будзе праходзіць пад дэвізам: "Выхоўваць. Абвяшчаць. Перамяняць".

Закрыццё Юбілейнага Года адбудзецца 25 лістапада 2017 г. у Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Генеральны настаяцель Ордэна Пабожных школ а. Пэдро Агуада SP.

Даведка:

Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна Духоўных Убогіх Рэгулярных Божай Маці Пабожных школ (айцы піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва універсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый (прывілей). Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы на святарскае жыццё. Прычынай былі яго асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне Рыма за ракой Тыбр, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся “адкідамі грамадства”. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў родную Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем і адміністратарам.

Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. У выніку ўзнікае супольнасць. Сетка школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя ўлады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў адчыняюць свае дзверы не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі.

Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі складанымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў Апостальскі Пасад аднавіў дзейнасць ордэна піяраў.

7 жніўня 1748 г. Папа Бэнэдыкт XIV беатыфікаваў св. Юзафа Каласанса, а 16 ліпеня 1767 г. Папа Клімент XIII яго кананізаваў. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае св. Юзафа Каласанса "апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце".

 а. Аляксандр Махнач SP