Skip to main content

Расклад закрыцця Брамаў Міласэрнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі

  1Юбілейны Год Міласэрнасці ў каталіцкім Касцёле распачаўся 8 снежня 2015 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У каталіцкім Касцёле на Беларусі ён распачаўся 13 снежня з адкрыцця Святых Дзвярэй ва ўсіх катэдрах і некаторых святынях краіны. У Гродзенскай дыяцэзіі Брамы Міласэрнасці былі адчынены ў Гродне, Лідзе, Тракелях, Гудагаі і Росі.

На працягу ўсяго года вернікі, наведаўшы гэтыя святыні, мелі магчымасць перажыць і атрымаць адпуст, здзяйсняючы пілігрымку да Святых Дзвярэй. Гэты момант павінен быў быць злучаны з сакрамантам паяднання і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з роздумам над міласэрнасцю. Пасля праходу праз Святыя Дзверы, акрамя звычайных умоваў, вернікі павінны былі затрымацца на малітве, каб споўніць апошнія акты, якія патрабуюцца: вызнанне веры і малітва за Святога Айца, а таксама малітва ў папскіх інтэнцыях.

Завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці ў каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету. Урачыстасць узначаліць Папа Францішак.

У Беларусі, як і ва ўсіх краінах свету, закрыццё Святых Дзвярэй на завяршэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў катэдрах і юбілейных святынях пройдзе 13 лістапада.

Праграма закрыцця Брамаў Міласэрнасці у Гродзенскай дыяцэзіі:

Гродна, катэдральная парафія св. Францішка Ксаверыя — 12.00 (урачыстасць узначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч)

Ліда, парафія Узвышэння Святога Крыжа (фара) — 13.00 (урачыстасць узначаліць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі)

Тракелі, санктуарый Маці Божай Тракельскай — св. Імша з нагоды закрыцця Святых Дзвярэй адбудзецца ў 10.00 і 13.00

Гудагай, санктуарый Маці Божай Гудагайскай — 15.00 (урачыстасць узначаліць біскупскі вікарый смаргонскага рэгіёна ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч)

Рось, санктуарый Езуса Журботнага — св. Імша з нагоды закрыцця Святых Дзвярэй адбудзецца ў 10.00 і 13.00