Айцы кармэліты босыя запрашаюць усіх шанавальнікаў Маці Божай з Гары Кармэль і тых, хто носіць святы шкаплер, у шкаплернае брацтва, якое арганізоўваецца ў Гродне пры касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля. Шкаплернае брацтва — гэта супольнасць, якая хоча пазнаваць і развіваць кармэліцкую духоўнасць, жыць малітвай і паглыбляць унутраную малітву, карыстаючыся духоўным досведам святых кармэлітаў.
Сустрэчы брацтва будуць праходзіць кожную першую суботу месяца пры касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (вул. Курчатава, 41; мікрараён Дзевятоўка).
Першая сустрэча адбудзецца 5 лістапада ў 10.00.
План сустрэчы:
• св. Імша,
• адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту
• арганізацыйная сустрэча.
Шчыра запрашаем усіх зацікаўленых.
Даведка: У ХІІІ ст. з-за рэлігійных войнаў, пераследу з боку мусульманаў і ўпадку касцёльнай дзяржавы ў Палесціне кармэліты былі вымушаны пакінуць Кармэль і перабрацца ў Еўропу. Перад малавядомым у новым асяроддзі і таму прынятым з асцярогай ордэнам паўстала пагроза роспуску, і тады яго тагачасны генерал і вялікі шанавальнік Панны Марыі св. Сымон Сток мабілізаваў братоў маліцца да Маці Божай аб захаванні ордэну, які з’яўляецца Яе ўласнасцю і носіць Яе імя ў назве.
Марыя выслухала гэтую малітву і ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 г., паводле падання, аб’явілася святому Сымону. Маці Божая паказала на яго шкаплер, верхнюю частку кармэліцкага габіта, і назвала яго знакам збаўлення, гаворачы: "Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага". У хуткім часе пасля гэтага аб’яўлення кармэлітаў прынялі ў Еўропе і іх ордэн пачаў паспяхова развівацца. Святы шкаплер з’яўляецца знакам мацярынскай любові Панны Марыі да ордэну, а таксама сімвалам Яе блізкасці і любові да ўсяго Божага народа.
а. Сяргей Трысцень