Skip to main content

Рух "Сужэнскія сустрэчы" запрашае на рэкалекцыі

сужэнстваРух “Сужэнскія сустрэчы" праводзіць рэкалекцыі-ўікэнды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові. Бліжэйшая  сустрэча адбудзецца 20-22 САКАВІКА 2015 года і будзе праходзіць у Цэнтры “Карытас” у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлян (Мінскі раён). Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу а 18-ай гадзіне, заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

 

Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі:

Андрэй і Іна Любецкія +375 29 1675867, +375 29 6253548

Іван і Алена Лубінскія +375 29 5562635, +375 29 1408456, +375 29 7821466

e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры.

"Сужэнскія сустрэчы" - гэта рэкалекцыйны рух, мэта якога - паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адзін аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазволіць мужу і жонцы глыбей пазнаць адзін аднаго, а з другога - у выпадку непаразуменняў - дапаможа выйсці з канфліктных сітуацый.

Каб сустрэцца адзін з адным і з Богам, трэба больш слухаць, чым казаць, больш дзяліцца, чым спрачацца, больш разумець, чым ацэньваць, а ў першую чаргу - прабачаць. Сужэнскія пары і святары – аніматары руху, праз уласный досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, вядзення дыялогу. Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi iнтымнай i таму абавязкова застаецца таямнiцай.

Сямейная пара можа падчас правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, нанова адбудаваць сваё адзінства. Сужэнцы пасля ўдзелу ў нашых рэкалекцыях звычайна лягчэй вырашаюць свае праблемы. Праграма складзена такім чынам, што дазваляе кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові, і заснавана на сучасных ведах з вобласці псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i.

На "Сужэнскія сустрэчы" прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню пабожнасці. На рэкалекцыйны ўікэнд могуць прыехаць як шчаслівыя сужэнства, так і тыя, хто мае сур'ёзныя канфлікты, нават думкі пра развод. Ва ўікэндзе таксама неаднаразова прымалі ўдзел шматлікія сужэнскія пары, якія жадалі вярнуцца адзін да аднаго пасля развода. Мы адкрытыя на кожную пару, якая імкнецца, каб іх сумеснае жыццё пастаянна развівалася. Мы не ставім удзельнікам фармальных абмежаванняў – на рэкалекцыі могуць прыехаць праваслаўныя і змешаныя сужэнства, напрыклад каталіцка-праваслаўныя, пары, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе і яшчэ не вянчаліся, сужэнства ў паўторным шлюбе.

Ад адносінаў мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі. Калі ў хаце валадарыць каханне, а сям'я выпраменьвае яго, то гэты дух любові перадасца іншым...