Усіх, хто шукае Бога ў супольнасці і праз супольнасць, душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна “OPEN” запрашае жадаючых далучыцца да сумесных духоўных сустрэч.
Душпастырскі цэнтр і месца сустрэч душпастырства “OPEN” - рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, дзе кожны чацвер навучальнага года (ад пачатку верасня да канца чэрвеня) у 19.15 удзельнікі сустракаюцца на Эўхарыстыі, а кожную пятніцу ў 20.30 – на адарацыі. У залах пад касцёлам з панядзелка па пятніцу па вечарах яны збіраюцца за кубкам гарбаты ці кавы на сустрэчу ці супольную размову. Пасля Імшы па чацвяргах навучальнага года а 20-й гадзіне ўдзельнікі збіраюцца ў вялікай зале, якую ў сваім кляштары прапануюць ім сёстры назарэтанкі.
Кожны чацвер душпастырства будуе супольнасць праз удзел у святой Імшы ў 19.15 (у касцёле), а пасля Імшы – праз катэхезу, дыскусіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, супольную радасць а 20-й гадзіне (у зале кляштара).
У душпастырства ёсць падгрупы: біблійная (удзельнікі знаёмяцца з Бібліяй і разважаюць над Божым словам – кожны панядзелак у 20.00 у залах пад касцёлам), дабрачынная (служаць і нясуць радасць хворым дзецям; навучанне валанцёраў – кожны аўторак у 20.00 у залах пад касцёлам), музычная (праслаўляюць Пана спевам і музыкай; практыкаванні кожную сераду ў 20.00 у касцёле), адарацыйная (усхваляюць Пана перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожную пятніцу ў 20.00 у касцёле). Акрамя гэтага, удзельнікаў яднае супольны адпачынак і паездкі, пілігрымкі і рэкалекцыі. У жыцці душпастырства ўдзельнічаюць і маладыя сужэнствы: іх сустрэчы адбываюцца ў касцёле кожную першую нядзелю месяца а 16-й гадзіне.
Усе сустрэчы ў душпастырстве пачынаюцца з 4 верасня святой Імшой у 19.15 і першай сустрэчай пасля летняга перапынку. Падрабязную праграму тэм катэхез на кожны чацвер удзельнікі вызначаюць разам.
Адрас: Гродна, вул. Маладзёжная, 2 (вул. К. Маркса, 26), недалёка ад галоўнага будынка пошты і скрыжавання вуліц Маладзёжная і К. Маркса. Тэлефоны: (0152) 77 01 81; МТС (8029) 286 31 78 кс. Антоній.
“OPEN” у перакладзе з англійскай мовы азначае “адкрыты”, таму гэтую супольнасць можна яшчэ назваць “Адкрытае душпастырства”. Яе мэта - праз адкрытасць на Бога адкрывацца на бліжняга.
Дата нараджэння “OPEN” – 28 верасня 2006 г. З перспектывы васьмі папярэдніх гадоў можна заўважыць, што яго ўдзельнікі сталі адной вялікай сям’ёй братоў і сясцёр, узбагаціліся новым вопытам і маюць вялікія планы на будучыню.
Удзельнікі душпастырства - дзяўчаты і хлопцы розных узростаў: ад студэнтаў, якія распачынаюць вучобу або ўжо вучацца, да працаўнікоў і служачых заводаў і прадпрыемстваў горада; цэлае мноства тых людзей, якія, скончыўшы вучобу, далей застаюцца ў душпастырстве.
Яго дэвіз - “Будучыня ў вашых сэрцах і руках”. Асновай і ўнутраным “рухавіком” душпастырства з’яўляюцца словы св. Яна Паўла II, якія ён адрасаваў моладзі свету падчас XVII Сусветнага дня моладзі ў Таронта (Канада): “Імкненні чалавецтва сярод незлічоных несправядлівасцяў і пакут з’яўляюцца надзеяй новай цывілізацыі, пазначанай свабодай і супакоем. Але для такога пачынання патрэбна новае пакаленне будаўнікоў. Заахвочаныя не страхам і насіллем, а сталай неабходнасцю сапраўднай любові, яны павінны навучыцца будаваць, цаглінка за цаглінкай, горад Бога пасярод горада людзей. Дазвольце мне, дарагая моладзь, ускласці гэтую надзею на вас: гэта вы павінны быць гэтымі «будаўнікамі», гэта вы – людзі заўтрашняга дня. Будучыня ў вашых сэрцах і руках. Бог даручае нам гэтую задачу, складаную і высакародную адначасова, – будаўніцтва разам з Ім цывілізацыі любові”.
Паводле slowo.grodnensis.by