22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца святочны канцэрт дыяцэзіяльнага хору “Cantate Domino”.
У гэты дзень харысты, для якіх музычная дзейнасць складае вельмі важную частку жыцця, падзякуюць Богу за 25 гадоў існавання калектыву і магчымасць несці людзям святло любові Хрыста.
У 19 гадзін адбудзецца святая Імша, пасля – святочны канцэрт пад кіраўніцтвам Генрыха Давідовіча, нязменнага кіраўніка і дырыжора хору.
Хор “Cantate Domino” быў заснаваны ў 1999 годзе ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец). Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі.