Skip to main content

У Гродне пройдуць мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня хоспіснай і паліятыўнай дапамогі

centrСацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр дапамогі жыццю” прадстаўляе план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня хоспіснай і паліятыўнай дапамогі, якія адбудуцца ў Гродне.

На мерапрыемствы запрашаюцца родныя, блізкія і калегі спачылых падапечных “Цэнтра дапамогі жыццю”.

12 кастрычніка, чацвер

18.00 – вечар памяці спачылых пацыентаў (рэстаран “Бакст”, Гродна, вул. Замкавая, 21)

14 кастрычніка, субота

8.00 – святая Літургія ў храме святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра (Гродна, вул. Перамогі, 5), пасля – паніхіда

15 кастрычніка, нядзеля

14.00 – святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай (Гродна, вул. Рэпіна, 2)

Сусветны дзень хоспіснай і паліятыўнай дапамогі праводзіцца ў другую суботу кастрычніка. Сёлета ён будзе адзначацца 14 кастрычніка. Арганізатар яго правядзення – Сусветны альянс паліятыўнай дапамогі (The Worldwide Palliative Care Alliance, WPCA), у які ўваходзяць нацыянальныя і рэлігійныя арганізацыі, якія падтрымліваюць развіццё хоспіснай і паліятыўнай дапамогі ва ўсім свеце.

Паводле вызначэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паліятыўная дапамога – гэта падыход, які паляпшае якасць жыцця пацыентаў і іх сем’яў, якія сутыкнуліся з небяспечнай для жыцця хваробай, шляхам палягчэння болю і кіравання іншымі сімптомамі, якія прыносяць пакуты і падрываюць сілы. Гэтую дапамогу належыць аказваць з моманту пастаноўкі дыягназу небяспечнай для жыцця хваробы на ўсім яе працягу.