У суботу 7 кастрычніка ў парафіяльным касцёле св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі а. Віктара Занеўскага з Ордэна Пабожных Школ (піяраў) у першую гадавіну яго смерці.
Пачатак у 11.00.
Супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa, які з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны быў першым піярам з тэрыторыі Беларусі, запрашаюцца ўсе жадаючыя: духавенства, сёстры законныя, свецкія вернікі.
Айцец Віктар Занеўскі нарадзіўся 12 кастрычніка 1974 г. у Гродне.
У 18 гадоў уступіў у навіцыят Ордэна піяраў у Ловічы (Польшча). Праз год прынёс першыя манаскія абяцанні і пачаў філасофска-тэалагічную вучобу ў Тэалагічным інстытуце ксяндзоў місіянераў у Кракаве.
У 1999 г. прынёс у Ордэне піяраў вечныя абяцанні і прыняў дыяканскае пасвячэнне, а праз год прэзбітэрскае. Пачаў святарскае служэнне ў Шчучыне, затым служыў у Лідзе, дзе выконваў функцыю адміністратара новай парафіі і займаўся будаўніцтвам касцёла.
Да 2006 г. выконваў функцыю настаяцеля супольнасці піяраў у Лідзе і Шчучыне. У 2007-2008 гг. быў катэхетам і душпастырам кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ (Польшча).
У 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, у новую парафію ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У 2011-2012 гг. быў душпастырам кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ, з 2013 г. – парафіі ў Болшэве, дзе служаць піяры.
Застаўся ў памяці людзей душпастырам, які з разуменнем ставіўся да вернікаў, таксама быў таленавітым прапаведнікам. Хвароба сэрца была прычынай яго гатоўнасці да смерці і ўмення даць пра гэта сведчанне. Ён ахвотна падкрэсліваў, наколькі многім удзячны малітве парафіян у Болшэве, асабліва ружанцовых колаў.
Адышоў у вечнасць 3 кастрычніка 2022 г. у Гадзіну міласэрнасці ў шпіталі ў Вейхерове пасля цяжкай аперацыі, ва ўзросце 47 гадоў. Пахаванне адбылося 11 кастрычніка 2022 г. у Шчучыне.