Skip to main content

У Навагрудку адбудзецца абрад прыняцця шкаплера Арханёла Міхала

2018 07 12 140499024729 верасня ў навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала, дзе ў гэты дзень будзе адзначацца адпустовая ўрачыстасць, адбудзецца абрад прыняцця шкаплера Арханёла Міхала.

Абрад традыцыйна здзейсніць пробашч парафіі кс. доктар Юрый Жэгарын, які атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля ордэну міхалітаў.

Пачатак у 19.00.

Шкаплер Арханёла Міхала можа прыняць кожны ахвотны. Прыняць шкаплер прыязджаюць у Навагрудак кожны год людзі з розных куткоў нашай краіны. Шкаплер – перш за ўсё бачны знак даверу Арханёлу. Першы такі шкаплер з’явіўся ў XІХ ст. пры касцёле св. Яўстафія ў Рыме і належаў створанаму ў Рыме ў 1878 г. брацтву св. Міхала Арханёла. Шкаплер быў зацверджаны Папам Львом ХІІІ у ХІХ ст.

Папа Бэнэдыкт ХVІ у адным з пасланняў напісаў, што матывы знешняга прыняцця шкаплера нагадваюць пра пераможную дапамогу вялікага Абаронцы.

Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Яго частка, якая спадае на плечы, азначае адданасць Божай волі, вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца носьбіта шкаплера павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, азначае адмову ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках, упэўненасці, што мы маем вялікага заступніка і абаронцу – Арханёла Міхала. Шкаплер з’яўляецца яшчэ адным выразам і сведчаннем веры.

Якую ролю выконвае шкаплер?

Шкаплер – бачны знак абрання Арханёла Міхала сваім памочнікам у барацьбе з грахом і спакусамі. Гэта строй анёльскага войска, даспехі, панцыр супраць зла. Падобна як жаўнера ці святара можна пазнаць па вопратцы, так таго, хто належыць да шкаплернай супольнасці, можна пазнаць па гэтым знаку.

Шкаплер выконвае ў духоўным вымярэнні ролю, падобную да ролі вопраткі, якая аберагае цела ад знешніх уздзеянняў, – ахоўвае ад усяго, што магло б стаць перашкодаю на шляху да збаўлення: ад граху, д’ябла, вечнага асуджэння ў пекле.

Нашэнне з верай шкаплера – крыніца Божых ласкаў, неабходных у барацьбе са сваімі заганамі. Шкаплер – адзенне, прызначэннем якога з’яўляецца абарона цела.

Нашэнне шкаплера дае:

абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і Святога Касцёла, часткай якога з’яўляецца кожны яго вернік;

ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць і розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў;

пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры;

энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце;

збаўленне чыстцовых душаў;

атрыманне адпустаў;

ласку добрай смерці.

Шкаплер ні ў якім разе не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння аўтаматычна не вызваліць чалавека ад знешніх і ўнутраных праблем.

Свае ласкі міласэрны Бог шчодра дае тым, хто мае шчырую веру. “Паводле веры вашай будзе дадзена вам”, – кажа Езус. Таму нашэнне шкаплера з’яўляцца выразам веры, напамінам пра магутнае заступніцтва св. Міхала Арханёла, а таксама сведчаннем. Многія, размаўляючы са святаром, выказваюць страх перад сурокамі, праклёнамі, злымі людзьмі, варажбой і рознымі формамі акультызму, якія вельмі распаўсюджаныя ў нашым грамадстве. Сапраўды веруючаму чалавеку, які жыве ў згодзе з Богам і сваім сумленнем, не трэба гэтага баяцца. Паколькі Арханёл Міхал з’яўляецца пераможцам пякельных моцаў зла, то, калі насіць з верай шкаплер, вораг не зможа падступіцца да душы і цела чалавека.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера:

каб падрыхтавацца да прыняцця, неабходна прыступіць да споведзі і быць здольным да атрымання ласкаў святога адпусту;

прыняць шкаплер з рук прэзбітэра або дыякана, з благаслаўлення генеральнага настаяцеля ордэну міхалітаў;

пастаянна насіць яго на сабе;

маліцца штодзённым простым экзарцызмам Папы Льва ХІІІ: “Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн!”

Калі людзі жывуць не ў сакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), прыняцце шкаплера дапускаецца, аднак неабходна мець вялікае жаданне, каб Арханёл Міхал дапамог вырашыць гэтыя праблемы.

Шкаплер могуць прыняць і маленькія дзеці, аднак пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі ім зразумелыя асноўныя праўды веры, – найлепш пасля прыняцця Першай Камуніі.

Дапускаецца, каб шкаплер, бачны знак аховы Арханёла Міхала, прыняла ўся сям’я, у тым ліку ахрышчаныя ў Праваслаўнай Царкве або прадстаўнікі іншых канфесій (у нашым грамадстве шмат змешаных сем’яў). Важна, каб ласкай асаблівага заступніцтва св. Міхала карысталася ўся сям’я, якая ў сучасных умовах перажывае вялікі крызіс.