У Смаргоні пройдуць юбілейныя ўрачыстасці 520-годдзя з часу заснавання парафіі св. Міхала Арханёла. 29 верасня ў парафіі ў межах урачыстасцяў будзе кансэкраваны новы эўхарыстычны алтар.
Каменны алтар, у які будуць умураваны рэліквіі благаслаўлёнага мучаніка Венгрыі Стэфана Шандора, які належаў да Таварыства св. Францішка Сальскага, будзе кансэкраваны з той нагоды, што сёлета першая каталіцкая парафія Смаргоні разам з горадам адзначае 520-годдзе. Кансэкрацыю здзейсніць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Драўляны касцёл быў пабудаваны ў цэнтры Смаргоні, на беразе ракі Оксна, на месцы, дзе былі могілкі, у 1503 годзе па фундацыі тагачаснага ўладальніка мястэчка Юрыя Зяновіча і асвячаны пад тытулам св. Міхала Арханёла і Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Таксама на літургіі ў дзень адпустовай урачыстасці будзе асвячаны новы абраз для галоўнага алтара, а пасля літургіі – новая фігура св. Міхала Арханёла ля смаргонскага касцёла.
Праграма ўрачыстасцяў:
20 верасня – пачатак навэнны да св. Міхала Арханёла. Навэнна з адпаведнымі казаннямі святара будзе цэлебравацца з 20 па 28 верасня пасля святой Імшы на 18.00. Падчас навэнны кожны дзень будуць спявацца Гадзінкі да св. Міхала Арханёла перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
27 верасня, 20.00 – пачатак саракагадзіннага набажэнства (завершыцца 29 верасня ў 17.00)
29 верасня – адпустовая ўрачыстасць:
8.00 – святая Імша
9.00 – святая Імша
10.00–17.00 – працяг саракагадзіннага набажэнства
17.20 – сустрэча біскупа Аляксандра Кашкевіча ля смаргонскага араторыя
17.30 – асвячэнне новай сістэмы званоў
18.00 – урачыстая Імша з абрадам кансэкрацыі эўхарыстычнага алтара і абраза Найсвяцейшага Сэрца Езуса
19.40 – эўхарыстычная працэсія вакол касцёльнай тэрыторыі (па вул. П. Балыша да вул. Леніна, праз парк да вул. П. Балыша і назад да касцёла)
20.30 – асвячэнне фігуры св. Міхала Арханёла ля касцёла
21.00 – гарбата і абаранкі для ўсіх удзельнікаў