20 верасня ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца чарговая сустрэча для мужчын, якія жадаюць паглыбіць сваё духоўнае жыццё.
Удзельнікі змогуць паразважаць над пытаннямі, як узрасці ў малітве, як быць з’яднаным з Богам глыбей і мацней, што трэба зрабіць, каб тваё малітоўнае жыццё стала больш асабістым і глыбокім.
Арганізатары сустрэчы адзначаюць: “Напэўна, кожны чалавек, які шукае праўдзівага сэнсу свайго існавання, праз нейкі час прыходзіць да высновы, што найбольш каштоўныя рэчы немагчыма знайсці на “паверхні” жыцця – яны схаваныя, як скарб у полі ў адной з прыпавесцяў Хрыста. Менавіта на гэтую праўду абапіраецца сутнасць духоўнага жыцця хрысціяніна, які штодня адкрывае прысутнасць і блізкасць Бога, а таксама імкнецца зразумець, на чым засноўваецца Валадарства Божае на зямлі”.
У межах сустрэчы ў 17.30 адбудзецца святая Імша, у 18.00 – канферэнцыя “Найважнейшыя рэчы – схаваныя”.
З канферэнцыямі, прапанаванымі ўвазе ўдзельнікаў мінулых сустрэч для мужчын, можна азнаёміцца па спасылцы.