З 25 па 27 жніўня ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку (вул. Міцкевіча, 1) адбудуцца рэкалекцыі пакаяння за Беларусь, на якія запрашаюцца ўсе ахвотныя вернікі, духавенства і манаскія асобы.
Навагрудская парафія дае добрую магчымасць паўдзельнічаць у супольных рэкалекцыях пакаяння не толькі за сябе, але і за грахі тых людзей, якія не давяраюць Богу і не каюцца. У праграме рэкалекцый будуць дзве ўсяночныя адарацыі, некалькі канферэнцый, пілігрымка пакаяння да Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюб, Крыжовы шлях і іншыя супольныя набажэнствы пакаяння.
“У гэты неспакойны для ўсяго свету час Маці Божая з Фацімы заклікае чыніць пакаянне, ажыццяўляючы кампенсацыю і ўзнагароджванне Богу за грахі свае, свайго народу і ўсяго свету, – адзначаюць арганізатары рэкалекцый. – Багародзіца папрасіла дзяцей перадаць чалавецтву Яе вялікую заклапочанасць з-за бязбожнасці і дэмаралізацыі людзей, дадаючы, што, калі яны не навернуцца, іх чакае вялікая кара. Свет заблукаў, адыходзячы ад Бога і маральных законаў. Марыя просіць чалавецтва аб навяртанні і пакаянні, каб пазбегнуць кар, якія Бог падрыхтаваў для грэшнага чалавецтва. У візіі трэцяй фацімскай таямніцы з’явіўся анёл, які трымаў у сваіх руках вогненны меч. Ён паказваў правай рукой на зямлю і тройчы прамовіў моцным голасам: “Пакаянне, пакаянне, пакаянне!” У сваім другім з’яўленні анёл не толькі заклікаў дзяцей да малітвы, але і хацеў, каб яны “пастаянна ахвяравалі Найвышэйшаму малітвы і вырачэнні”. Люцыя, адна з візіянерак, тады запытала: “Як мы павінны рабіць вырачэнні?”, а анёл адказаў: “З усяго, наколькі можаце, чыніце з сябе ахвяры як кампенсацыю за грахі, якімі Бог абражаецца, і для таго, каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў”.
Кантактны тэлефон для запісу на рэкалекцыі і атрымання дадатковай інфармацыі:
+375 44 771 99 83 Марына
Праграма рэкалекцый (магчымы невялікія змены):
25 жніўня, пятніца
18.00 – святая Імша
19.30 – вячэра
20.00 – канферэнцыя аб патрэбе экспіяцыі і малітвы прыніжэння
21.00 – Крыжовы шлях пакаяння
23.30 – малітва прыніжэння і пачатак усяночнай малітвы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту
26 жніўня, субота
08.00 – супольнае заканчэнне начной адарацыі
08.30 – сняданак
11.00 – чытанне Божага слова і разважанне над ім (у касцёле)
12.15 – “Анёл Панскі”, набажэнства да Маці Божай Нястомнай Дапамогі і Гадзінкі
13.00 – абед
14.00 – набажэнства пакаяння
14.40 – споведзь
15.00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці
15.30 – канферэнцыя пра Ружанец і яго моц
16.30 – святы Ружанец
18.00 – святая Імша ў інтэнцыях вырашэння праблем у сем’ях і грамадстве
19.30 – вячэра
20.30 – супольная малітва ўдзячнасці і праслаўлення ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту
22.00 – пакаянная працэсія вакол касцёла са свечкамі
23.00 – начная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
27 жніўня, нядзеля
07.30 – заканчэнне адарацыі
08.00 – сняданак
08.45 – канферэнцыя пра вартасць удзячнасці Богу
10.00 – святая Імша падзякі, заканчэнне
Удзельнікам рэкалекцыі неабходна мець з сабой Біблію і ружанец.
Падчас рэкалекцый прапануецца пост на вадзе або на хлебе і вадзе. Таксама ўдзельнікам прапануецца скласці пакаяннае матэрыяльнае ахвяраванне за сябе на духоўныя мэты і добра падрыхтавацца да святой споведзі.