Skip to main content

Абразы назарэтанак-мучаніц і асобаў, звязаных з імі, унясуць у навагрудскі касцёл

nazaretankiСёлета адзначаецца 80-я гадавіна мучаніцтва навагрудскіх сясцёр назарэтанак. З гэтай нагоды 29 ліпеня адбудзецца ўрачыстае ўнясенне ў навагрудскі касцёл св. Арханёла Міхала партрэтаў сясцёр-мучаніц разам з іх рэліквіямі.

Пачатак у 12.00. Цырымонію ўзначаліць с. Філатэя Ціхановіч, правінцыяльная настаяцельніца сясцёр назарэтанак.

Навагрудскія сем’і ўнясуць у касцёл 11 абразоў назарэтанак-мучаніц і выявы звязаных з імі асобаў. Гэта выявы, якія прадстаўляюць с. Малгажату, расстралянага хлопчыка, капелана мучаніц кс. Аляксандра Зянкевіча, біскупа Зыгмунта Лазінскага, а таксама графічная выява малітвы назарэтанак перад пакутніцкай смерцю, змаляваныя вядомымі мастакамі з аўтэнтычных архіўных здымкаў.

Такі збор абразоў навагрудскіх мучаніц і асобаў, звязаных з імі, памерам 60х80 з’явіўся, наколькі вядома, упершыню ў гісторыі не толькі Навагрудка, але і ўсёй Беларусі і свету. Існуе агульны абраз, намаляваны на вялікім палатне, які захоўваецца ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку і прывозіўся ў Рым на ўрачыстасць беатыфікацыі назарэтанак.

Абразы пакутніц будуць некаторы час знаходзіцца ў касцёле св. Арханёла Міхала, пасля чаго ёсць магчымасць іх перэгрынацыі па іншых святынях Беларусі згодна з пажаданнямі мясцовых душпастыраў.