Сёлета дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) святкуе 260-ю гадавіну пабудовы касцёла.
Кармэліты босыя – духоўныя сыны Маці Божай Шкаплернай і апекуны санктуарыя – запрашаюць далучыцца да святкавання.
Праграма:
15 ліпеня, субота
18.00 – святая Імша і заканчэнне навэнны (на палявым алтары)
20.00 – Крыжовы шлях на Кальварыі
16 ліпеня, нядзеля
00.00 – працэсія са свечкамі (вакол касцёла і могілак); пасля – святая Імша (на палявым алтары); пасля – начное чуванне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (у касцёле)
8.30 – Гадзінкі ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі (у касцёле)
10.00 – святая Імша на польскай мове (на палявым алтары)
12.00 – урачыстая адпустовая святая Імша (на палявым алтары)
З гісторыі касцёла ў Гудагаі
Драўляную святыню ў Гудагаі пабудавала ў 1763 годзе Людвіга Ганна Война з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі наваколля пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі, або цудадзейнай.
Такім чынам касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі стаў таксама мэтай пілігрымаў, якія прыбывалі туды з просьбамі аб аздараўленні фізічным, маральным і духоўным. Кармэліты босыя, апекуны святыні, у хроніках запісалі шматлікія сведчанні дзеяння Пана Бога ў гэтым святым месцы.
У наш час Гудагай шырока вядомы не толькі ў Беларусі, а галоўная адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай збірае і аб’ядноўвае вернікаў з розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы.
Сёлета адзначаецца таксама 50-я гадавіна смерці ксяндза Адама Вайцяхоўскага, які рупліва служыў пробашчам гудагайскай парафіі з 1959 года ажно да адыходу ў вечнасць у 1973 годзе. Ксёндз Адам вельмі шанаваў Гудагайскую Маці Божую Шкаплерную і памёр у дзень Яе свята, а менавіта 16 ліпеня, што мясцовыя вернікі палічылі асаблівым знакам Божага Провіду і любові Маці Божай.
Дзверы гудагайскай святыні заўсёды адчыненыя для пілігрымаў і іншых наведвальнікаў, якія хочуць памаліцца і адпачыць у асаблівай атмасферы касцёла, ружанцовых сцежак, мясцовай Кальварыі, а таксама на ўлонні непаўторнай прыроды сярод маляўнічых краявідаў. Айцы кармэліты босыя з Гудагая сардэчна запрашаюць.