4 мая ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім) адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі кс. прэлата Ежы Лявінскага ў першую гадавіну яго смерці.
Пачатак Імшы ў 13.00.
Запрашаюцца святары, сёстры законныя і свецкія вернікі, каб супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa, які назаўсёды ўпісаўся ў гісторыю Гродзенскай дыяцэзіі.
Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 г. у Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), у тым жа горадзе 29 мая 1955 г. біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў.
Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве.
З 1968 па 1990 год працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры. З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, некаторы час прэфектам.
З’яўляўся Ганаровым капеланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітулу, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітулу.
Адышоў у вечнасць 3 мая 2022 г. у Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат).