Skip to main content

Дабрачынны велікодны кірмаш пройдзе ў Гродне ля касцёла Маці Міласэрнасці

1680187600У Вялікую суботу, 8 красавіка, з 9 да 17 гадзін на пляцоўцы ля гродзенскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, будзе праходзіць штогадовы дабрачынны велікодны кірмаш у падтрымку анкапацыентаў хоспісаў.

На кірмашы можна будзе набыць прыгожыя велікодныя цацкі і пернікі, з клопатам і любоўю вырабленыя беларускімі майстрамі. Усе сабраныя на кірмашы ахвяраванні будуць выкарыстаны ў падтрымку анкапацыентаў.

“Паход у касцёл для благаслаўлення велікодных страваў у Вялікую суботу можа стаць яшчэ больш яркім і запамінальным для вас і вашых дзяцей, калі вы паўдзельнічаеце ў дабрачынным кірмашы, – адзначаюць арганізатары. – Бо кожны чалавек – і дарослы, і зусім маленькі – з вялікай радасцю і хваляваннем ставіцца да падрыхтоўкі і ўпрыгожвання велікоднага кошыка і паходу ў святыню ў гэты дзень. А калі прынесці дадому цацку ці смачны пернік з велікоднага дабрачыннага кірмашу, то цудоўны ўспамін пра сёлетняе свята Пасхі назаўсёды будзе з намі. А зробленая пры гэтым добрая справа будзе служыць анкахворым дарослым, падапечным Цэнтра Дапамогі Жыццю”.