24-25 сакавіка ў Навагрудку пры парафіі св. Арханёла Міхала (вул. Міцкевіча, 1), адбудуцца рэкалекцыі “Вінаграднік Рахiлі”. Іх мэта – аздараўленне ад пасляабортнага сіндрому і траўмы пасля страты дзіцяці (напрыклад, мёртвае нараджэнне).
“Вінаграднік Рахілі” – праграма духоўна-псіхалагічнага аздараўлення, прызначаная для тых, хто згубіў сваё дзіця, па няведанні або слабасці духу пайшоў на аборт, тых, хто не можа сабе гэтага прабачыць і хоча, каб загаіліся эмацыйныя раны.
Курс будуць праводзіць спецыялісты ў галіне каталіцкай духоўнасці і хрысціянскай псіхалогіі.
Дадатковая інфармацыя і запіс па тэлефоне:
+375 29 811 89 51 (Алена)
“Вінаграднік Рахілі”, праграма псіхалагічнага і духоўнага аздараўлення ад ран аборту – забойства ненароджанага дзіцяці ва ўлонні маці – была распрацавана доктарам Тэрэзай Кармінскі Берк, псіхатэрапеўтам і каталічкай. Адна з яе пацыентак некалькі гадоў праходзіла тэрапію з-за цяжкіх парушэнняў харчовых паводзін, але нічога не змянялася. Як жанчына з Евангелля паводле Лукі, якая пакутавала ад крывацёку (Лк 8, 25-34), яна выдаткавала шмат часу і грошай, наведала шмат урачоў, але не атрымала палёгкі. Аднойчы на сустрэчы ў групе падтрымкі, у якой усе жанчыны пакутавалі ад падобных праблем, яна зрабіла амаль неймавернае па тых часах і ў тым культурным асяроддзі прызнанне: “Гэта пачалося пасля таго, як я зрабіла аборт…” І далей пайшла лавіна: “І ў мяне…”, “І ў мяне…”, “І ў мяне…” Жанчыны парушылі жорсткае сацыяльнае табу: загаварылі пра тое, пра што ўсе ведалі, але ніхто не адважваўся казаць – пра аборты і іх наступствы.
Адказам на гэты крык забароненага болю стала праграма “Вінаграднік Рахілі”, якая пачала сваю працу ў 1986 годзе. Пераадольваючы супраціў і цяжкасці, праграма распаўсюджвалася ў ЗША, потым прыйшла ў Аўстралію і Еўропу. У 1994 годзе доктар Берк апублікавала кнігу “Вінаграднік Рахілі: шлях псіхалагічнага і духоўнага ацалення пасля аборту”, якая сёння перакладзена на 14 моў.
“Вінаграднік Рахілі” – не трэнінг псіхалагічнай дапамогі, хоць такая дапамога з’яўляецца арганічна неабходным кампанентам праграмы, а рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні для тых, хто звяртаецца да Бога з просьбай аб аздараўленні ад ран, нанесеных абортам і яго наступствамі. Падмурак гэтых рэкалекцый – вера, што толькі Бог з’яўляецца крыніцай усялякага аздараўлення і што ў сваёй усемагутнай міласэрнасці Ён можа вылечыць любую рану і супакоіць любы боль, калі звярнуцца да Яго са шчырым раскаяннем і даверлівай малітвай.
Як і любыя рэкалекцыі, “Вінаграднік Рахілі” прапануе ўдзельнікам серыю спецыяльна падабраных біблейскіх тэкстаў для медытацыі. Удзельнікі не проста слухаюць Слова Божае, яны адкрываюць яму сваё ўнутранае “вуха” і свой унутраны “погляд”, каб упусціць ласку Слова ў тыя скляпенні памяці і закуткі душы, куды занадта страшна і балюча зазіраць самому. Гэта патрабуе вялікай мужнасці і вялікага даверу Богу, братам і сёстрам у Хрысце, якія ідуць побач у пошуках ацалення, і людзям, якія суправаджаюць тых, хто ідзе гэтым шляхам. Толькі прайшоўшы ўвесь гэты шлях, трымаючыся за руку таго, хто разумее бліжняга, можна прыняць ацаленне, якое дае Пан.
Траўму аборту адчуваюць не толькі тыя, хто сам яго перажыў: яна датычыць многіх. Сярод удзельнікаў сустрэч бываюць і бабулі, якія аплакваюць ненароджаных унукаў, і тыя, хто ўсё жыццё сумуе па дзецях, забітых да нараджэння братам або сястрой, пляменнікам або пляменніцай.