Skip to main content

У тракельскім санктуарыі пройдзе малітоўная сустрэча, прысвечаная абароне жыцця

trokelskaya ikona devy marii foto 800x40025 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях пройдзе малітоўная сустрэча пад назвай “Будзем апосталамі жыцця, якое паходзіць ад Бога і чалавека”.

Святая Імша адбудзецца а 18.00, пасля Адарацыя і набажэнства.

Мэта малітваў, якія адбудуцца на гэтай сустрэчы, заключаецца ў тым, каб папрасіць прабачэння ў Бога за грахі супраць жыцця і дапамагчы людзям, якія жывуць у гэтых грахах шмат гадоў.

“Жыццё – найвялікшы дар Бога. Забойства ненароджаных з’яўляецца адным з найвялікшых грахоў чалавецтва, крыніцай няшчасцяў, псіхічных і фізічных захворванняў, дэпрэсіі, распаду сем’яў, крыніцай залежнасцяў, злачынстваў і самагубстваў.

Па статыстыцы ў Рэспубліцы Беларусь на кожныя 100 цяжарнасцяў прыпадае прыкладна 26,6 абортаў, а ў сусветным рэйтынгу Беларусь займае 5-е месца па колькасці абортаў. З іх 92% выконваецца па ўласным жаданні без абгрунтавання прычыны.

Аборт – гэта велізарная рана, нанесеная сям’і, рана, якая цяжка загойваецца. Толькі Бог, які ёсць любоў, можа яе залячыць. Ён большы за ўсялякае зло”, – адзначаюць арганізатары сустрэчы.

Удзельнікі малітоўнай сустрэчы будуць прасіць у Бога прабачэння за смерць усіх дзяцей, якія гінуць падчас абортаў; за адсутнасць добрага прыкладу бацькі, маці, адсутнасць агульнай малітвы, якая ўмацоўвае ў сям’і давер і пачуццё бяспекі; за медыкаў, настаўнікаў і ўсіх, каму трэба ўдзельнічаць у абароне жыцця, а не яго руйнаванні.