Skip to main content

У Тракелях пройдзе малітоўная сустрэча, прымеркаваная да Дня кансэкраванага жыцця

Trokeli1 128 студзеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбудзецца першая ў 2023 годзе малітоўная сустрэча “Прысвячэнне Богу і людзям, як Марыя, праз Марыю, з Марыяй…”. Яна будзе асабліва прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана, 2 лютага.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі запрашае на сустрэчу ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў нашай краіне, а таксама ўсіх людзей добрай волі, якія хочуць маліцца за тых, хто прысвяціў сябе Богу.

Сустрэча пачнецца ў 18.00 святой Імшой. Затым у 19.00 адбудзецца адарацыя.

“Бог хацеў прыйсці да нас і аддацца нам праз Марыю. Хацеў, каб Яго Уцелаўленне, адбылося праз згоду і пры добразычлівым супрацоўніцтве Марыі, Яго Маці. Такім жа чынам Ён хоча, каб і мы прыйшлі да Яго і аддаліся Яму праз Марыю, бо Марыі даручана аб’яднаць Бога і чалавека: зрабіць, каб Бог стаў Чалавекам, а кожны чалавек стаў дзякуючы ласцы як Езус, як Бог. Гэта і ёсць прысвячэнне Богу, як Марыя, праз Марыю, з Марыяй”, – адзначае кс. Юрый Бяганскі.

Дзень кансэкраванага жыцця – дзень падзякі за дар паклікання многіх людзей да асаблівай адданасці і служэння Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах. У гэты дзень Касцёл моліцца за законных сясцёр і братоў, святароў і свецкіх людзей, якія прысвячаюць свой час, малітву, дары для служэння Богу.

“Кансэкраваныя асобы моляцца за нас. Мы нават не заўсёды ведаем аб гэтым. Аддаюць Богу нашыя справы, праблемы, радасці, клопаты, поспехі і няўдачы. Яны прыходзяць да нас з дапамогай, малітвай і сведчаннем жыцця. Яны жывуць сярод нас і нагадваюць, што не трэба баяцца Бога. Мы – адзіная супольнасць Касцёла, якая павінна падтрымліваць адзін аднаго. Ці молішся ты за іх? Можа, ім патрэбна менавіта твая малітва”, – дадае кусташ санктуарыя, запрашаючы на малітоўную сустрэчу.