Санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях аб’яўляе прыём работ на выставу-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Тракельскі цуд”. Выстава адбудзецца 28 мая.
Узрост удзельнікаў не абмежаваны.
Творчыя работы будуць ацэньвацца ў трох узроставых катэгорыях:
- дзеці (да 12 гадоў);
- падлеткі (13-18 гадоў);
- дарослыя (ад 19 гадоў).
На выставу-конкурс прымаюцца індывідуальныя і калектыўныя работы, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: мастацкая саломка (аплікацыя саломкай, саломапляценне), мастацкі роспіс (роспіс па тканіне, шкле, дрэве, батык), мастацкі тэкстыль (ткацтва, вышыўка, габелен, лямец), кераміка, разьба па дрэве, выцінанка, паперапластыка і інш.
Тэматыка работ:
- “Гісторыя тракельскай зямлі”;
- “Ля ног Маці Божай Тракельскай”;
- “Цуды ў Марыйным садзе”.
Работы павінны быць творчымі і арыгінальнымі ў тэматычным плане, у эксперыментаванні з матэрыялам, мець яркае і выразнае раскрыццё вобразаў; павінны быць выкананы акуратна, згодна з тэхналогіямі, у адпаведнасці з кампазіцыйнымі асаблівасцямі.
Афармленне работ: на кожнай рабоце абавязкова размяшчаецца тлумачальная запіска, дзе ўказваецца прозвішча і імя, узрост аўтара, назва работы, парафія (пры жаданні аўтара).
Журы разглядае работы, прадстаўленыя на выставу-конкурс, у адпаведнасці з напрамкамі, намінацыямі і ўзроставымі катэгорыямі ўдзельнікаў. Журы пакідае за сабой права на вызначэнне колькасці прызавых месцаў у намінацыях.
Узначаліць журы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пры ацэньванні будуць улічвацца:
- выкарыстанне цікавых тэхнік і тэхналогій;
- кампазіцыйнае і каляровае рашэнне;
- мастацкі ўзровень;
- спалучэнне традыцыйнай творчасці і сучаснай культуры;
- арыгінальнасць ідэі, самабытнасць мастацкага ўвасаблення.
Задаць пытанні і ўдакладніць пэўную інфармацыю можна па тэлефоне і на старонцы ў Instagram:
+375 29 289 36 38 (МТС) кс. Юрый Бяганскі
Падчас выставы аўтары пры жаданні змогуць прадаць свае работы вернікам або ахвяраваць cанктуарыю для далейшага ўпрыгожвання тэрыторыі ці Дома пілігрыма.