Skip to main content

Малітоўная сустрэча “Дайце Богу нарадзіцца ў вашых сем’ях” пройдзе ў Тракелях

Trokeli330 снежня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбудзецца чарговая малітоўная сустрэча “Дайце Богу нарадзіцца ў вашых сем’ях”.

Праграма:

18.00 – святая Імша

19.00 – адарацыя; аднаўленне сужэнскіх абяцанняў

На сустрэчу шчыра запрашае кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі.

“Нараджаецца Бог! Чалавек, абудзіся! Ён голасам Касцёла стукаецца ў нашы сэрцы: “Дзіця нам нарадзілася”, – а чалавек далей жыве сабой, палітыкай, зайздрасцю, крытыкай, паклёпамі. Ці дазваляем мы Яму ўвайсці ў наша жыццё? Ці хочам, каб Ён яго перамяніў? Каму мы больш давяраем: Яму ці абяцанням гэтага свету, у якім няма трываласці і які страсаюць розныя крызісы?

Святы Божага Нараджэння – гэта час, калі адно Сэрца падарожнічае да ўсіх. Бог набліжаецца да твайго сэрца! Ці ты ўпусціш Яго? Ці тваё сэрца падрыхтавана для Бога і Яго Любові? Брат, сястра, затрымайся і запрасі Дзіцятка ў сваё жыццё, да сваіх радасцяў і праблемаў.

Жывіце ў святасці ў штодзённым жыцці, ў вашых сем’ях. Бацькі, маліцеся да Езуса аб мудрасці для сябе ў выхаванні дзяцей, аб веры. Няхай Дзіцятка Езус наведае кожную сям’ю. Няхай прыклад Бога, які схіліўся над грэшным чалавецтвам і стукае ў вашы сэрцы, дапаможа ў духу пакоры перамагчы ганарлівасць і падзелы нашага грамадства, каб мы ўсе ў Езусе Хрысце былі адзінымі.

Радасць любові, якая жыве ў сем’ях, – гэта і радасць Касцёла! Няхай Ён народзіцца ў кожнай сям’і нашай Бацькаўшчыны!” – з такімі словамі звяртаюцца арганізатары сустрэчы, запрашаючы на яе.