Skip to main content

Сярэбраны юбілей касцёла Хрыста Валадара адзначаць у Азёрах

azery 620 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, парафіяльная супольнасць у Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адзначыць сярэбраны юбілей сваёй святыні.

Святую Імшу, на якой парафіяне і запрошаныя госці будуць дзякаваць Богу за юбілей, узначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пачатак у 15.30.

Першы драўляны касцёл у Азёрах быў фундаваны літоўскім князем Вітаўтам у 1397 г., бо Азёры належалі да княскіх уладанняў. На працягу бурлівай гісторыі на гэтым асвячаным месцы ўзнікла некалькі сакральных будынкаў. Апошнім з гістарычна дакументаваных быў драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай, фундаваны апошнім каралём польскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім у другой палове XVIII ст. Гэты касцёл перанёс, хоць і не без пашкоджанняў, перыяд раздзелаў і ў 20-я гады мінулага стагоддзя быў дзякуючы ахвяраванням парафіян адноўлены ў сваім першапачаковым харастве. У 1925 г. святыня атрымала новы тытул – Хрыста Валадара. На жаль, у час вайны ў 1944 г. яна згарэла разам з іншымі драўлянымі збудаваннямі Азёраў.

azery 5

З прыбыццём на служэнне ў Гродзенскую дыяцэзію айца кларэтына Станіслава Гаўліка (адышоў у вечнасць у 1996 г.) настаў час адраджэння каталіцкай парафіі ў Азёрах. Айцец Станіслаў збіраў вернікаў на нядзельнай Імшы на мясцовых могілках, а затым на парослым бярозамі папялішчы касцёла. З самага пачатку паўстала ідэя пабудаваць там новую святыню; быў створаны парафіяльны камітэт на чале з Андрэем Вяржбіцкім, атрымана згода на будаўніцтва і распачаты збор ахвяраванняў. Дзякуючы найперш ахвяраванням, якія збіраліся не толькі ў Азёрах і наваколлі, але і ў многіх іншых парафіях дыяцэзіі, сродкам, ахвяраваным замежнымі дабрадзеямі, а таксама выдатнай дапамозе азёрскага сельскага гаспадарства і іншых спонсараў, з 1994 па 1996 г. быў пабудаваны новы каменны касцёл. Яго будаўнік а. Станіслаў неспадзявана памёр у снежні 1996 г., а яго справу ў наступным годзе завяршыў дасланы з Польшчы айцец кларэтын Ежы Вяжхоўскі CMF.

azery 3

23 лістапада 1997 г., у адпустовую ўрачыстасць Хрыста Валадара, біскуп Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці шматлікага духавенства і запрошаных гасцей, а найперш узрушаных парафіян, асвяціў гэты новы касцёл.

azery 2

Да невялікага юбілею сваёй святыні парафіяне Азёраў падрыхтаваліся духоўна з дапамогай святых місій, якія правялі з 23 па 30 кастрычніка айцы рэдэмптарысты Андрэй Урублеўскі CSSR i Эдвард Пяцельчыц CSSR. Таксама падрыхтоўкай да юбілею было правядзенне ў касцёле рамонту і ўстанаўленне новага галоўнага алтара, фундаванага ананімным спонсарам, з абразом Апекуна святыні, Езуса Хрыста Валадара Сусвету.