5 лістапада ў парафіяльным касцёле св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбудзецца Імша ў інтэнцыі а. Віктара Занеўскага з Ордэна Пабожных Школ (піяраў) у 30-ы дзень яго смерці.
Пачатак Імшы ў 11.00.
Да ўдзелу запрашаюцца святары, сёстры законныя, свецкія вернікі, каб супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa, які быў першым пасля вайны піярам з тэрыторыі Беларусі.
Айцец Віктар Занеўскі нарадзіўся 12 кастрычніка 1974 г. у Гродне.
У 18 гадоў уступіў у навіцыят у Ловічы (Польшча). Праз год прынёс першыя манаскія абяцанні і пачаў філасофска-тэалагічную вучобу ў Тэалагічным інстытуце ксяндзоў місіянераў у Кракаве.
У 1999 г. прынёс вечныя абяцанні ў Ордэне Піяраў і прыняў дыяканскае пасвячэнне, а праз год прэзбітэрскае. Пачаў святарскае служэнне ў Шчучыне, затым служыў у Лідзе, дзе выконваў функцыю адміністратара новай парафіі і заняўся будаўніцтвам касцёла.
Выконваў функцыю настаяцеля супольнасці ў Лідзе і Шчучыне да 2006 г. У 2007-2008 гг. быў катэхетам і душпастырам у парафіі ў Кракаве-Ракавіцэ.
У 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, у новую парафію ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У 2011-2012 гг. выконваў функцыю душпастыра ў кракаўскай парафіі ў Ракавіцэ, а з 2013 г. у піярскай парафіі ў Болшэве.
Застаўся ў памяці людзей як душпастыр, які ставіўся з разуменнем да вернікаў, быў таксама таленавітым прапаведнікам. Хвароба сэрца была прычынай яго гатоўнасці да смерці і ўмення даць пра гэта сведчанне. Ён ахвотна падкрэсліваў, наколькі многім удзячны малітве парафіян у Болшэве, асабліва ружанцовым колам.
Адышоў у вечнасць 3 кастрычніка ў Гадзіну міласэрнасці ў шпіталі ў Вейхерове пасля цяжкай аперацыі, ва ўзросце 47 гадоў. Пахаванне адбылося 11 кастрычніка ў Шчучыне.