14-15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) aдзначаць 100-годдзе з часу вяртання славутага ласкамі абраза.
Больш за 330 гадоў шматлікія вернікі выказваюць прашэнні і падзякі перад невялікай выявай Маці Божай, вядомай пад тытулам Суцяшальніца засмучаных. Як даўней, так і ў наш час па шчырых малітвах Суцяшальніца засмучаных выслухоўвае сваіх зямных дзяцей і дапамагае ў вельмі розных патрэбах.
“Прагну, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе перад Маім абразом”, – сказала Маці Божая Мікалаю Песляку, якому быў падараваны цудадзейны абраз. Перад гэтым абліччам Марыі няспынна ўзносяцца малітвы аб аздараўленні, выратаванні жыцця, вызваленні ад дрэнных звычак, выпраўленні жыццёвых памылак.
“Калі пойдзеш за Мной, пакажу табе годнае месца, якое сабе выбрала. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца”, – сказала Панна Марыя Мікалаю Песляку ў 1691 годзе. Ён старанна выканаў наказ і пабудаваў першую святыню для абраза. Гэтае месца было ў бары, паміж дзвюх елачак, але неўзабаве вакол крыжа і капліцы выбудавалася цэлае пасяленне, якое пазней стала мястэчкам. Некалькі разоў абраз пакідаў святыню і Баруны, але Маці Божая заўсёды вярталася ў гэтае месца, якое сама выбрала.
Апошняе вяртанне абраза ў Баруны адбылося 15 кастрычніка 1922 года дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Юліяна Бароўкі. З тых часоў абраз зноў прыцягвае ў мясцовую святыню тысячы вернікаў.
Праграма ўрачыстасцяў:
14 кастрычніка, пятніца
20.00 – адарацыя перад абразом (праводзіць малітоўная група „Маці ў малітве”)
21.00 – Марыйны апэль і працэсія са свечкамі
22.00 – святая Імша (узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі)
15 кастрычніка, суботa
9.00 – святая Імша (ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB)
10.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
11.00 – Ружанец (праводзяць ружанцовыя групы)
12.00 – асвячэнне сакрыстыйнага звона, уфундаванага з нагоды 100-годдзя вяртання абраза ў санктуарый. Святая Імша (узначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч)
Да ўдзелу ва ўрачыстасцях, каб супольна падзякаваць Богу за юбілей і папрасіць аб далейшых ласках праз заступніцтва Марыі ў Яе барунскай выяве, сардэчна запрашаюць усіх кс. Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя і пробашч мясцовай парафіі, разам з вернікамі.