З 7 кастрычніка пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку будуць працягнуты сустрэчы курса “Абаронца веры” (Fidei Depositum), якія пачаліся ў мінулым годзе.
Курс разлічаны на ўсіх хрысціянаў, асабліва католікаў, якія жадаюць паглыбіць свае веды ў галіне гісторыі Касцёла, фундаментальнага багаслоўя, новых рэлігійных рухаў, у сучасных маральных праблемах, асабліва ў гендэрнай ідэалогіі і акультызме. Курс мае на мэце паглыбіць хрысціянскі светапогляд вернікаў сярод распаўсюджвання розных антыхрысціянскіх сістэм і плыняў у грамадстве і дапамагчы праз набытыя веды супрацьстаяць духу і спакусам гэтага свету.
Курс дае магчымасць удзелу ў дыскусійных сустрэчах з цікавымі людзьмі. Яго неад’емнай часткай з’яўляецца супольная малітва: святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сустрэчы пройдуць: 7-9 кастрычніка, 25-27 лістапада, 9-11 снежня, 20-22 студзеня.
Тэмы, якія будуць разглядацца:
выбраныя тэмы з гісторыі Касцёла: крыжовыя паходы, інквізіцыя, контррэфармацыя, багацці Касцёла, беспамылковасць Рымскага Пантыфіка і некаторыя іншыя;
выбраныя тэмы з фундаментальнай тэалогіі: верагоднасць Божага Аб’яўлення, верагоднасць Касцёла, паняцце цуду;
новыя рэлігійныя рухі: новыя пратэстанцкія плыні, рэлігійны сінкрэтызм, сучасныя секты;
маральнае багаслоўе: маральны індыферэнтызм, праявы секулярнага грамадства, гендэрная ідэалогія і іншыя;
філасофія: вытокі сучасных ідэалогій, праявы гэтых ідэалогій у грамадстве, культуры, літаратуры, СМI;
багаслоўе духоўнасці: асновы духоўнага жыцця хрысціяніна;
небяспекі акультызму.