21 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне пачынаецца цыкл сустрэч выключна для мужчын “Школа духоўнага жыцця”.
Як паведамляе група “Мужчыны святога Юзафа”, кожную трэцюю сераду месяца ў 17.30 у катэдры прадугледжана Эўхарыстыя, пасля якой арганізатары мерапрыемства запрашаюць да ўдзелу ў канферэнцыях, якія сёлета будзе праводзіць кс. Яўген Амасёнак.
“Гэта цудоўная магчымасць яшчэ больш паглыбіць сваё духоўнае жыццё, якое вельмі моцна пераклікаецца з нашай штодзённасцю. Таму першая тэма гэтых сустрэч заяўлена як “Праца і духоўнасць”, каб паказаць, наколькі нашае штодзённае жыццё прасякнута Божай прысутнасцю і Яго нястомнай блізкасцю”, – адзначаюць арганізатары.
Тыя, хто не будуць мець магчымасць асабіста далучыцца да сустрэч, змогуць удзельнічаць у канферэнцыях праз сродкі масавай інфармацыі.
Новыя канферэнцыі ксяндза Яўгена Амасёнка можна знайсці на youtube-канале і сайце групы “Мужчыны святога Юзафа”.
Дадатковая інфармацыя па тэлефонах:
+375 33 624 42 85 Павел
+375 33 621 66 56 Віталь
+375 44 733 71 67 Viber