З 8 па 14 жніўня ў Навагрудку пры касцёле святога Міхала Арханёла адбудуцца курсы “Акадэмія трубы” для моладзі з музычным талентам. Курсы правядзе Аляксандр Ахрэмка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст аркестра “Tiroler Fiestspiele Erl Orchestra” з Аўстрыі.
“Акадэмію трубы”, якая праводзіцца ў Беларусі ўжо не першы раз (звычайна пры каталіцкіх парафіях у розных мясцінах), ладзяць кваліфікаваныя музыкі на чале з галоўным арганізатарам Аляксандрам Ахрэмкам.
Мерапрыемства традыцыйна складаецца з дзвюх частак: заняткі і канцэрт. Арганна-інструментальны канцэрт адбудзецца 14 жніўня.
Выканаўцамі на канцэрце будуць Калініка Мядзведзева (арган, клавесін), канцэртуючая арганістка і выкладчык Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, Аляксандр Бурдзялёў (клавесін), Аляксандр Ахрэмка і маладыя музычныя таленты.
У праграме прагучаць творы Дж. Б. Вівіяні, Ж. Ф. Рамо, Дж. Каччыні, Ф. Куперэна, Ё.С. Баха, Г. Ф. Гендэля, Дж. Тарэллі і іншых сусветна вядомых кампазітараў.