Skip to main content

100-годдзе з часу кананічнага зацвярджэння супольнасці міхалітаў адзначаць у Васілішках з удзелам біскупа Кашкевіча

vasilishki30 ліпеня ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках (Шчучынскі дэканат), дзе нясуць служэнне міхаліты – законнікі з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, – з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адзначаць 100-годдзе з часу кананічнага зацвярджэння гэтай супольнасці.

Урачыстая Імша падзякі з гэтай нагоды адбудзецца ў 12.00.

Да ўдзелу ў Эўхарыстыі запрашае ўсіх жадаючых пробашч парафіі кс. Станіслаў Пытэль CSMA.

Кангрэгацыя святога Арханёла Міхала (міхаліты) – супольнасць святароў і братоў законных, заснаваная ў Польшчы на пачатку ХХ стагоддзя благаслаўлёным ксяндзом Браніславам Маркевічам, які з вялікай самаадданасцю клапаціўся пра дзяцей і моладзь, асабліва найбяднейшых, занядбаных, пакінутых і асірацелых. Для пашырэння служэння ў гэтым кірунку ён заснаваў кангрэгацыю, апекуном якой з’яўляецца Арханёл Міхал.

Кананічнае зацвярджэнне супольнасці касцёльнымі ўладамі адбылося 29 верасня 1921 г.

У Беларусі міхаліты служаць у Гродзенскай дыяцэзіі (у парафіях св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках, святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах) і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (у парафіях Маці Божай Ружанцовай у Мінску і св. Міхала Арханёла ў Гатаве).