“Музычная майстэрня” ізноў запрашае ў Івянец усіх жадаючых адкрываць праз музыку, літургію і супольнасць прыгажосць Бога. Сёлета мерапрыемства пройдзе з 27 па 31 ліпеня.
Удзельнікаў чакаюць харавыя заняткі, майстар-класы, канферэнцыі, канцэрты і малітоўныя вечары, магчымасць засяродзіцца ў цішыні старога кляштара і сустрэча з аднадумцамі. Усё гэта адбудзецца ў супрацоўніцтве з маладой прафесійнай камандай музыкаў і выкладчыкаў, якія прагнуць падзяліцца сваімі ведамі і досведам з удзельнікамі і паказаць, што музыка, тэатр, дызайн – гэта таксама прастора сустрэчы з Богам.
Некаторыя называюць “Майстэрню” сваёй галоўнай музычнай падзеяй лета з увагі на колькасць канцэртаў, майстар-класы ад дасведчаных музыкаў і магчымасць адчуць сябе часткай спантанна створанага шматасабовага хору. Іншыя жартуюць, што ніхто ў свеце так не рыхтуецца да святой Імшы, як удзельнікі “Майстэрні”, бо тыя прысвячаюць штодня некалькі гадзін на падрыхтоўку яе музычнай аправы.
Аднак фактам з’яўляецца тое, што за дзевятнаццаць год свайго існавання “Музычная майстэрня” моцна паўплывала на Касцёл у Беларусі: была крыніцай натхнення і грунтоўнага падыходу да касцёльнага спеву, адкрыла парафіяльным супольнасцям іншы погляд на эстэтыку літургіі, сталася месцам фармацыі і кшталтавання хрысціянскіх музыкаў Беларусі.
“Музычная майстэрня” – гэта найперш інтэнсіўная і захапляльная праца, таму да ўдзелу запрашаюцца тыя, хто сапраўды зацікаўлены ў якасным праслаўленні Бога спевам і ў развіцці сваіх музычных талентаў. Досвед супольнага спеву ў хоры ці іншых групах не абавязковы, але вітаецца.
Умовы ўдзелу:
узрост удзельнікаў – ад 15 гадоў (для непаўналетніх неабходныя пісьмовы дазвол бацькоў і паўналетні апякун);
з сабой удзельнікам неабходна мець спальнік і карымат, па магчымасці – уласны намёт;
кошт удзелу – 50 руб. (пакет удзельніка + штодзённае трохразовае харчаванне);
для ўдзельнікаў прадугледжана гарачае харчаванне на працягу дня і душ;
просьба мець з сабой спеўнікі, нататнікі і музычныя інструменты;
прыбыццё і рэгістрацыя – 27 ліпеня з 12.00 да 16.00
Удзельнікі “Музычнай майстэрні” змогуць падзяліцца яе плёнамі на вялікім фінальным канцэрце, які адбудзецца 30 ліпеня ў 21.00.
Электронная рэгістрацыя (дзейнічае да 17 ліпеня).
Сачыць за “Музычнай майстэрняй” у інтэрнэце можна:
на сайце www.muzmajsternia.by
у Інстаграме і Тэлеграме: @muzmajsternia