9-10 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях падчас сёлетніх дыяцэзіяльных адпустовых урачыстасцяў пройдзе кірмаш дабра ў падтрымку Рыты Юшкевіч – маленькай дзяўчынкі, чыё жыццё залежыць ад адкрытасці сэрцаў людзей.
Рыта нарадзілася ў маі 2020 г., а праз год і сем месяцаў ёй паставілі страшны дыягназ – спінальная мышачная атрафія ІІ тыпу. Для спынення прагрэсавання захворвання дзяўчынцы патрэбны ўкол Zolgensma, кошт якога больш за два мільёны долараў. Гэты прэпарат уводзіцца адзін раз у жыцці, пасля чаго патрэбная будзе толькі рэабілітацыя для аднаўлення страчаных мышачных функцый.
Але кошт прэпарату непад’ёмны для простай беларускай сям’і, якая выхоўвае траіх дзяцей. Дзякуючы дабрыні людзей, якія не змаглі абмінуць чужую бяду, на сённяшні дзень сабрана больш за 77 тысяч долараў. Гэта малая частка на шляху да велізарнай сумы. Але бацькі Рыты не адчайваюцца і вераць, што змогуць сабраць неабходныя грошы.
Часта можна было пачуць словы Святога Пісання: “Тое, што вы зрабілі аднаму з братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Будзем жа дзяліцца любоўю, якая жыве ў нас. Рытачцы і яе сям’і патрэбныя нашы малітвы і матэрыяльная падтрымка.
Малой дапамогі не бывае. Усе неабыякавыя запрашаюцца паўдзельнічаць у дабрачынным кірмашы і падарыць дзяўчынцы надзею на выратаванне. Гэтая цяжкая хвароба – не толькі выпрабаванне для сям’і Рыты, але і праверка нашай веры, ахвярнасці і здольнасці адкрыцца на патрэбы бліжніх. Будзем разам маліцца аб хутчэйшым выздараўленні Рыты Юшкевіч.