У некалькіх месцах Гродзенскай дыяцэзіі адбудзецца фестываль акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi (“Вялікае мастацтва аргана”). Канцэрты пройдуць на гістарычных арганах касцёлаў у Гродне (францішканскі), Мсцібаве, Лідзе (Фара) і электронным аргане касцёла ў Гродне (Дзевятоўка).
Уваход вольны.
Як паведамляе сatholicnews.by, канцэрты ў дыяцэзіі распачнуцца 23 чэрвеня ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі). Тут пройдзе 7 канцэртаў. Інструмент у гэтай святыні можа лічыцца самым старым арганам Беларусі, ён быў створаны ў 1750 г., двойчы перароблены. Гэта будуць першыя за доўгі час бясплатныя для слухачоў канцэрты ў Гродне на працягу сямі чацвяргоў запар.
У гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) фестываль будзе працягнуты ў верасні трыма канцэртамі па суботах на электронным аргане, пераважна ў фармаце дуэтаў.
У касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Ваўкавыскі дэканат) у чэрвені і ліпені пройдуць два з паловай канцэрты. Мсцібава – аддаленая маленькая вёска, дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх (5-е месца) гістарычных арганаў Беларусі 1930-х гадоў, які, верагодна, ледзь не ўпершыню выступіць у ролі канцэртнага інструмента.
Два канцэрты пройдуць у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) на гістарычным аргане 1939 г., адноўленым у мінулым годзе, на якім выступяць два выпускнікі Штутгарцкай вышэйшай школы музыкі і тэатру.
10 верасня ў Лідзе адбудзецца прэзентацыя дыска “Гістарычны арган лідскага фарнага касцёла” ў межах праекту серыі дыскаў “Гістарычныя арганы Беларусі”.
Расклад фестывалю:
Гродна, касцёл Маці Божай Анёльскай
Арган: Мацей Краеўскі, 1750 / Wacław Przybyłowicz (Płock), 1884 / Літоўскія майстры, 1988; 16/II/P.
23 чэрвеня 19.30 Кацярына Іванова (Віцебск)
30 чэрвеня 19.30 Калініка Мядзведзева (Мінск)
7 ліпеня 19.30 Ірына Розанава (Санкт-Пецярбург), арган; Васіль Мельнікаў (Любляна), скрыпка
14 ліпеня 19.30 Інна Шпілеўская (Наваполацк)
21 ліпеня 19.30 Ганна Горбач (Мінск)
28 ліпеня 19.30 Анастасія Сідзельнікава (Масква)
4 жніўня 19.30 Канстанцін Валастноў (Масква)
Гродна, касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля
Электронны арган Content D6800
3 верасня 20.00 Калініка Мядзведзева, арган; Анастасія Карпенка, скрыпка (Мінск)
10 верасня 20.00 Вераніка Багдановіч-Язвінская, арган; Аляксандра Палятаева, флейта (Віцебск)
17 верасня 20.00 Ганна Горбач (Мінск)
Мсцібава, касцёл св. Яна Хрысціцеля
Арган A. Orłowski (Wilno), 1932-1935; 20/II/P.
24 чэрвеня 17.00 і 19.30 Калініка Мядзведзева (Мінск)
17 ліпеня 11.30 Ганна Горбач (Мінск)
Ліда, касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Фара)
Арган: A. A. Homan St. Jezierski w Warszawie, 1939; 14/II/P.
2 жніўня 19.30 Канстанцін Валастноў (Масква)
10 верасня 16.00 прэзентацыя дыска “Гістарычныя арганы Беларусі. CD2, Ліда” – Марыя Чарапанава (Масква)