Skip to main content

Рэкалекцыі для мужчын пройдуць у гродзенскай парафіі Святога Духа

muzczina

11 чэрвеня ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) пройдуць духоўныя практыкаванні для мужчын пад назвай “Утрымаць Пасху”. Канферэнцыі правядзе вікарый гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя кс. Яўген Амасёнак.

“Перажыванне Пасхі – гэта вяршыня духоўнага жыцця, таму хочацца досвед сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом “утрымаць” як мага даўжэй у нашым жыцці, – адзначаецца на сайце групы “Мужчыны святога Юзафа”. – Падчас духоўных практыкаванняў задумаемся спачатку, чаму так складана жыць Уваскрасеннем штодзённа, і прыйдзем да таго, што менавіта ў штодзённасці мы сустракаем Уваскрослага Хрыста. Але чаму ж так складана працягнуць гэты момант сустрэчы і што нам можа перашкодзіць у пошуку асобасных адносінаў з Богам?

Запрашаем мужчын паспрабаваць “выплыць на глыбіню”, бо толькі там можна знайсці адзіны сэнс хрысціянскага жыцця і ўмацаваць непаўторную сувязь з Панам”.

У Святым Пісанні гаворыцца: “Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ян 14, 26).

Праграма рэкалекцый:

11.00 – малітва і ўступная канферэнцыя “Для пазнання Бога неабходна найперш пазнаць сябе”:

- якія мае жаданні адносна Пана?

- наколькі адкрытае і схільнае да іх маё сэрца?

- аналіз палатна “Святло свету” Уільяма Холмана Ханта

11.50 – перапынак

12.00 – канферэнцыя №2 “Мастацтва супрацьстаяць злу, ці патрэба ў духоўным распазнанні”

- восем галоўных думак, ад якіх паходзяць усе іншыя, згодна з Евагрыем Пантыйскім

- духоўнае распазнанне як пошук Божай волі

12.50 – абед

13.40 – канферэнцыя №3 “Што я вазьму з сабой, ці сем спосабаў утрымаць Пасху”

- рахунак сумлення ці прагляд дня

- штодзённае чытанне Евангелля

- духоўнае разважанне

- духоўнае суправаджэнне

- дысцыпліна

- дапамога бліжняму

- распазнанне волі Нябеснага Айца

14.30 – абмеркаванне, пытанні

15.30 – Вяночак да Божай Міласэрнасці

15.45 – кава-паўза

16.15 – адарацыя, магчымасць прыступіць да споведзі

17.00 – святая Імша з гаміліяй

Дадатковая інфармацыя па тэлефонах:

+375 33 624 42 85 Павел

+375 33 621 66 56 Віталій

+375 44 733 71 67 Viber

Рэкамендаванае ахвяраванне, якое ўключае ў сябе харчаванне, – 20 руб.

Калі не атрымліваецца ўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях на працягу ўсяго дня, можна прыняць удзел у асобных пунктах праграмы ў зручны для сябе час.

З сабой па неабходнасці мець: Біблію, малітоўнік, сшытак, ручку.

Паводле msj.by