Skip to main content

Прэзентацыя “Малітоўніка для хворых” пройдзе ў Тракелях

malitownik5 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбудзецца прэзентацыя новага малітоўніка для хворых. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Прэзентацыя пройдзе ў Доме пілігрыма пасля святой Імшы а 13-й гадзіне.

Новае, другое выданне малітоўніка – пашыранае, дадаткова ўключаны малітвы да Маці Божай Тракельскай.

“Не прыдумала чалавецтва нічога мацней за малітоўнае слова, шчыра звернутае да Бога і святых заступнікаў. Таму што могуць падвесці лекі, адмовіць тэхніка, здрадзіць людзі, і толькі Бог заўсёды пачуе, працягне рукі, падтрымае, уратуе. Новае выданне – гэта сапраўдная хуткая дапамога пры самых розных недамаганнях, – адзначаюць арганізатары прэзентацыі. – Усе малітвы са зборніка эфектыўныя і дзейнічаюць мацней за любыя лекі”.

Святое Пісанне гаворыць пра малітву ў час хваробы так: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (Як 5, 14-15).

Склаў і апрацаваў “Малітоўнік для хворых” кусташ санктуарыя ў Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі.

Малітоўнік выдадзены на дзвюх мовах – беларускай і польскай. З перакладам на беларускую мову дапамагла лідчанка Марыя Габіс, дызайн распрацавала І. Башнева. Выданне надрукавана з дазволу курыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасля прэзентацыі можна будзе набыць “Малітоўнік для хворых”, а таксама “Малітоўнік да Маці Божай Тракельскай” з аўтографам аўтара.