Skip to main content

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыме сэрцанін з Паставаў, які служыў у гродзенскай парафіі

дк. Валерый 130 снежня ў парафіі св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах (Віцебская дыяцэзія) біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзеліць сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыякану Валерыю Пупкевічу з супольнасці сэрцанаў. Паўгода дыякан нёс служэнне ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), дзе працуюць сэрцане.

Пачатак святой Імшы ў 10 гадзін. Напярэдадні, 29 снежня, на вячэрняй Імшы ў 18 гадзін у пастаўскай парафіі дыякан урачыста вызнае сваю веру і жаданне служыць Богу і людзям.

Сваю першую Эўхарыстыю новапрэзбітэр, які стане ўжо дзясятым беларускім святаром-сэрцанінам, будзе цэлебраваць 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, у пастаўскай святыні ў 10 гадзін.

Дыякан Валерый сардэчна запрашае ўсіх прыняць удзел у гэтай важнай для яго падзеі – як непасрэдна прысутнічаючы на Імшы, так і праз трансляцыю на старонцы. Таксама ён просіць аб малітве на час яго падрыхтоўкі да пасвячэння.

Супольнасць сэрцанаў на Беларусі ўдзячная за дар будучага новапрэзбітэра.

Дыякан Валерый Пупкевіч нарадзіўся 31 жніўня 1995 г. у Паставах, паходзіць з мясцовай парафіі св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля сканчэння сярэдняй школы, адчуўшы голас паклікання, уступіў у Кангрэгацыю Святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане), падрыхтоўчы год правёў у супольнасцях Ляхавічаў і Мазыра. Прайшоўшы пастулят, навіцыят і шасцігадовую вучобу ў семінарыі, атрымаў ступень магістра тэалогіі. Дыяканскае пасвячэнне прыняў у Стадніках (Польшча) вясной гэтага года.

Аляксандр Пятліцкі SCJ

Фота: архіў Вышэйшай місійнай семінарыі сэрцанаў у Стадніках