З 10 па 12 снежня ва Уселюбе адбудуцца рэкалекцыі на тэму небяспекі ідалапаклонства.
Рэкалекцыі прысвечаны таму, каб паказаць людзям, якія жывуць у дваццаць першым стагоддзі, актуальнасць праблемы пакланення ідалам. Духоўныя практыкаванні правядзе пробашч парафіі св. Казіміра ва Уселюбе кс. Віталій Цыбульскі.
“Гаворачы аб ідалапаклонстве ў нашыя дні, часцей за ўсё можна сустрэць рэакцыю, якая адмаўляе значнасць гэтай з’явы, – адзначаюць арганізатары рэкалекцый. – Калі евангеліст Ян напісаў у самым канцы свайго жыцця сваё Першае пасланне да Касцёла, ён падвёў вынік гэтаму пасланню нечаканай фразай: “Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!” (1Ян 5, 21)
Апостал палічыў вельмі важным папярэдзіць пра гэта. Прымус чалавека пакланяцца каму-небудзь ці чаму-небудзь, акрамя сапраўднага Бога, з’яўляецца галоўнай мэтай д’ябла”.
Падчас духоўных практыкаванняў удзельнікі разгледзяць, якім ідалам пакланяюцца сучасныя хрысціяне: багаццю, абжорству, чалавечай уладзе, чалавечай славе і іншае. Таксама яны змогуць даведацца, як працаваць са сваімі жаданнямі, каб тыя не сталі прычынай ідалапаклонства.
Рэкалекцыі пачнуцца ў пятніцу 10 снежня ў 19.00, скончацца ў нядзелю 12 снежня ў 13.30.
У Доме пілігрыма каля касцёла ва Уселюбе можна будзе пераначаваць і атрымаць трохразовае харчаванне.
Адрас: касцёл святога Казіміра, вул. Чырвонаармейская, 20, а.г. Уселюб, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць.
Дадатковая інфармацыя і запіс па тэлефоне і электронным адрасе:
+375 29 280 05 45
Паглядзець праграму рэкалекцый ва Уселюбе на 2021-2022 год і інфармацыю, як дабрацца, можна па спасылцы.