Skip to main content

Зямля пад будаўніцтва новага касцёла і крыж будуць асвячаны ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы

baranowicze21 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у гродзенскім мікрараёне Баранавічы будуць асвячаны зямля пад будаўніцтва новага касцёла і крыж. Каталіцкая святыня будзе пабудавана па вул. Ваўжэцкага.

На месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл благаслаўлёнай Мар’яны, адбудзецца першая святая Імша. Яе будзе цэлебраваць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пачатак Імшы ў 12.00.

Да ўдзелу ў знакавай урачыстасці маладой парафіяльнай супольнасці бл. Мар’яны Бярнацкай, якая толькі пачынае пісаць сваю гісторыю, запрашаюць усіх жадаючых пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч разам з вернікамі.

“Нягледзячы на халодную пару года, сардэчна запрашаем усіх да ўдзелу ў нашых гістарычных святкаваннях. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету хочам зрабіць чарговы крок у рэалізацыі нашых жаданняў, а праз абрад асвячэння крыжа хочам падкрэсліць, што Хрыстус стаў валадарыць з крыжа і праз крыж вядзе дарога да Яго Валадарства”, – адзначае пробашч у запрашэнні.

zemlia baranowicze

Парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне была заснавана дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2019 г.

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii было падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада 2019 г. намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктарам Лісковічам.

У склад парафіі ўваходзяць вуліцы гродзенскіх мікрараёнаў Ласосна і Баранавічы, а таксама вуліцы вёскі Тарусічы.