З 5 па 7 лістапада ў Навагрудку адбудуцца рэкалекцыі для сужэнцаў ад руху “Сужэнскія сустрэчы”. Запрашаюцца сем’і з Мінска, Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама з усёй Беларусі.
Духоўныя практыкаванні пройдуць у рэкалекцыйным доме пры касцёле св. Міхала Арханёла.
Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо 18 гадоў дапамагае сужэнцам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, але і працягваць паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць пэўныя крокі насустрач адно аднаму, сваім дзецям, блізкім і іншым людзям.
Арганізатары адзначаюць: “Для маладых сем’яў гэтыя рэкалекцыі могуць стаць пэўным фундаментам для будавання моцных, здаровых адносін. Сужэнцы, якія мараць пра шчасце сваёй сям’і, змогуць перажыць неверагодную эмацыйную блізкасць, паглыбіць давер, разуменне адно аднаго і абнавіць сваю любоў.
Бо кожны наш высілак для ўмацавання сужэнскай сувязі, сапраўднага клопату аб адносінах, паглыблення ўзаемаразумення, шчырасці і цеплыні дае неверагодныя плады ў сем’ях удзельнікаў.
Нашыя сем’і нарадзіліся, каб быць шчаслівымі і адчуваць смак і радасць сваіх адносін. Але гэта патрабуе ад сужэнцаў пэўнага клопату пра свае адносіны на кожным этапе жыцця: і калі толькі стварылі сям’ю і вучацца сумеснай штодзённасці, і калі нараджаецца першае дзіцятка і адбываецца пэўная рэвалюцыя ў адносінах, і таксама калі яшчэ і яшчэ нараджаюцца дзеці і часу адно для аднаго амаль што не застаецца, а потым дзеці падрастаюць і ствараюць свае сем’і, і зноў новы этап, калі патрэбна аднаўляць эмацыйную сувязь…
Але як гэта рабіць? Як на працягу жыцця працаваць над сваімі адносінамі, паглыбляць іх, “рамантаваць”, а бывае, і ўваскрашаць у канкрэтных сітуацыях? У якім напрамку рухацца?
“Сужэнскія сустрэчы” прапануюць вельмі канкрэтны інструмент – дыялог, які пасля рэкалекцый вы зможаце самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць адносіны не толькі паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі”.
Усе неабходныя сродкі бяспекі падчас правядзення рэкалекцый будуць забяспечаны: колькасць удзельнікаў вельмі абмежаваная, масачны рэжым, сродкі дэзінфекцыі і г.д.
Рэкалекцыі распачынаюцца 5 лістапада ў 18.00, заканчваюцца 7 лістапада каля 15.00.
У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
Адрас: г. Навагрудак, вул. Савецкая, 2, новы рэкалекцыйны дом пры касцёле св. Міхала Арханёла.
Запіс па тэлефоне:
+375 29 652 11 44