З 18 па 21 лістапада ў Навагрудку адбудзецца Міжнародны малітоўны кангрэс у абарону жыцця. Арганізатары кангрэсу – дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, навагрудская парафія св. Міхала Арханёла.
Кангрэс будзе ўключаць не толькі навуковыя даклады, але і сведчанні абаронцаў жыцця, пілігрымку з белымі крыжамі ў санктуарый Маці Божай Новага Жыцця ва Уселюбе (14 км), шмат малітвы кожны дзень кангрэсу з начной адарацыяй і ўрачыстым Актам перапрашэння за грахі нашай краіны супраць жыцця і сям’і, які будзе прачытаны біскупамі пасля святой Імшы 20 лістапада.
Дакладчыкамі на кангрэсе будуць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, доктар тэалогіі і дырэктар еўрапейскага офісу Human Life International кс. Франчэско Джардана (Італія), каталіцкая сацыёлаг і пісьменніца Габрыэла Кубі (Германія), псіхолаг Ірына Мальцава (Расія), тэолаг і клінічны псіхолаг Іван Пузанаў (Віцебск), доктар тэалогіі Уладзіслаў Валаховіч (Магілёў), а. Віталь Сапега ОР (Віцебск), кс. Віталь Цыбульскі (Уселюб), Аліна Санько (Гродна).
На кангрэс запрашаюцца абаронцы жыцця, удзельнікі сямейных малітоўных рухаў, духоўнага ўсынаўлення, выпускнікі школ сямейнага жыцця, тыя, хто перажываюць з прычыны абортаў у сваёй сям’і.
Для дзяцей будзе няня, таму можна прыехаць усёй сям’ёй. Харчаванне і пражыванне – у рэкалекцыйным доме пры касцёле св. Міхала Арханёла (Навагрудак, вул. Міцкевіча, 1).
“У нашай краіне ўжо 101 год з 18 лістапада 1920 года легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКО. Таму ў наш час асаблівым чынам “неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет” (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 100)”, – адзначаюць арганізатары кангрэсу.
Даведкі і запіс:
тэл. +375 29 812 22 76 (вайбер)
e-mail prolife.belarus@gmail.com
Праз пяць дзён пасля кангрэсу ў Оршы адбудзецца трохдзённы курс-рэкалекцыі па аздараўленні ад постабортнага сіндрому (ПАС) “Вінаграднік Рахілі”. Інфармацыя пра курс будзе прэзентавана на кангрэсе.