Skip to main content

Курс “Абаронца веры” пройдзе ў Навагрудку

bibilya24 верасня ў Навагрудку распачнуцца сустрэчы курсу “Абаронца веры” (Fidei Depositum). Увесь курс складаецца з сямі сустрэч, кожная з якіх будзе адбывацца раз у месяц пры навагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла.

Курс разлічаны на ўсіх хрысціянаў, асабліва католікаў, якія жадаюць паглыбіць свае веды ў галіне гісторыі Касцёла, фундаментальнага багаслоўя, новых рэлігійных рухаў, у сучасных маральных праблемах, асабліва ў гендэрнай ідэалогіі і акультызме. Курс мае на мэце паглыбіць хрысціянскі светапогляд вернікаў сярод распаўсюджвання розных антыхрысціянскіх сістэм і плыняў у грамадстве і дапамагчы праз набытыя веды супрацьстаяць духу і спакусам гэтага свету.

Курс дае магчымасць удзелу ў дыскусійных сустрэчах з цікавымі людзьмі. Яго неад’емнай часткай з’яўляецца супольная малітва: святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Сустрэчы пройдуць: 24-25 верасня, 22-23 кастрычніка, 5-6 лістапада, 3-4 снежня, 28-29 студзеня, 25-26 лютага, 25-26 сакавіка.

Тэмы, якія будуць разглядацца:

- выбраныя тэмы з гісторыі Касцёла: крыжовыя паходы, інквізіцыя, контрэфармацыя, багацці Касцёла, беспамылковасць Рымскага Пантыфіка і некаторыя іншыя;

- выбраныя тэмы з фундаментальнай тэалогіі: верагоднасць Божага Аб’яўлення, верагоднасць Касцёла, паняцце цуду;

- новыя рэлігійныя рухі: новыя пратэстанцкія плыні, рэлігійны сінкрэтызм, сучасныя секты;

- маральнае багаслоўе: маральны індыферэнтызм, праявы секулярнага грамадства, гендэрная ідэалогія і іншыя;

- філасофія: вытокі сучасных ідэалогій, праявы гэтых ідэалогій у грамадстве, культуры, літаратуры, СМI;

- багаслоўе духоўнасці: асновы духоўнага жыцця хрысціяніна;

- небяспекі акультызму.

На завяршэнне курсу кожны атрымае дыплом Fidei Depositum.