11 верасня ў парафіі Маці Божай Тройчы Дзівоснай у Мастах адбудзецца малітоўная сустрэча для тых, хто хварэе, мае інваліднасць, апякуецца хворым блізкім, дапамагае несці крыж хваробы і цярпення.
“Аднойчы вучні спыталі Збаўцу пра прычыну слепаты аднаго чалавека: “Хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?” Езус адказаў: “Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя” (Ян 9, 1-3).
Цярпенні, хваробы, цяжкасці сустракаюцца на кожным шляху нашага жыцця. Абсалютна ў кожнага ўзнікаюць пытанні: за што і чаму? Чаму менавіта маё дзіця або блізкі чалавек хварэе? Чаму нарадзіўся інвалідам? На гэтыя пытанні і цяжкасці ёсць адказы. Яны ў Богу, у Езусе Хрысце, у Яго муцы і смерці на крыжы”, – адзначаюць арганізатары сустрэчы.
Пачатак святой Імшы ў 17.00. Пасля адбудзецца малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам аб умацаванні ў веры на шляху аздараўлення і нясення разам з Езусам крыжа цярпення і пакутаў.