21 жніўня ва Уселюбе адбудзецца хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі “Novafest”.
Арганізатары запрашаюць на фестываль усіх жадаючых, заахвочваючы далучыцца да праслаўлення Бога ў Тройцы Адзінага, стаць часткай гэтага праслаўлення, бо галоўная мэта фестывалю – паглыбіць духоўнае перажыванне прысутнасці Жывога Бога ў жыцці кожнага ўдзельніка.
“Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі”, – знакамітая фраза італьянскага хлапчука Карло Акуціса, нядаўна абвешчанага благаслаўлёным. Фестываль “Novafest” прапануе кожнаму паглядзець на сваё жыццё з пункту гледжання сэнсу, якім яго надзяляе сам Бог. Як адзначаюць арганізатары, такое пераасэнсаванне сябе можа адбыцца толькі падчас сустрэчы з Богам Жывым – Тым, які ацаляе чалавечыя сэрцы і душы сёння так, як і тысячагоддзі таму.
Тэмай сёлетняга фестывалю будзе праслаўленне Бога “ў Духу і праўдзе” (Ян 4, 23). Праслаўляючы Бога, мы яднаемся з Ім у духу. Выбраўшы народ ізраэльскі, Бог Айцец паставіў над ім каралём Давіда, пра якога казаў: “Я знайшоў чалавека па сэрцы Маім” (Дз 13, 22). Каб лепей зразумець, чаму Бог так палюбіў Давіда і адорваў яго і ягоны род асаблівымі ласкамі, арганізатары фестывалю звярнуліся да асобы гэтага караля, які ўсё жыццё праслаўляў Бога псальмамі і музыкай.
На фестывалi можна будзе пачуць перакладзеныя на беларускую мову габрэйскія песні праслаўлення, якія насычаны Божым словам, а таксама спакойныя спевы, якія дапамогуць з’яднацца з Богам у асабістай малітве. Наогул, для выканання праграмы музыканты рыхтуюцца не толькі прафесійна, але перш за ўсё духоўна, каб праз свой талент несці Божае слова з чыстых сэрцаў.
Малітоўная праграма будзе ўключаць святую Імшу, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, адарацыю Крыжа. Госці фестывалю змогуць адпачыць у даліне “Эйн-Керэм”, якая сімвалічна нагадвае пра месца Адведзінаў Маці Божай святой Альжбеты ў Ерузалеме. На тэрыторыі Даліны блакітных крыжоў пройдзе Крыжовы шлях, які можна будзе перажыць разам з Езусам праз пастановачнае дзеянне, якое рыхтуе каманда валанцёраў.
Асаблівае месца на фестывалi будуць займаць сведчанні людзей аб цудах, якія Езус учыніў у іх жыцці. Сярод сведчанняў запланаваны i сведчанні святасці сярод сучаснай моладзі. Госці фестывалю ўбачаць кароткія відэафільмы пра бл. Карло Акуціса і сястру Клэр Крокет. Прадстаўнікі каталіцкіх рухаў падзеляцца з прысутнымі досведам, як служэнне Богу можа зрабіць чалавека шчаслівым.
Для гасцей фестывалю будзе працаваць кафэ, дзе можна будзе пачаставацца гарбатай, кавай, печывам, піцай. Таксама пры рэгістрацыі на фестываль можна будзе замовіць паўнавартасны абед.
Для ўдзелу ў фестывалі абавязковая рэгістрацыя.
Зарэгістравацца можна па тэлефонах:
+375 33 320 11 48 Наталля (viber, telegram)
+375 44 759 08 67 Ірына (viber)
+375 29 124 93 21 Вольга (viber, telegram)
або па спасылцы
З Мінска на фестываль арганізуюцца аўтобусы па маршруце: Мінск – Уселюб – Мінск.
Выезд з Мінска ў 8.00, прыбыццё ў Мінск – каля 00.00.
Кошт праезду ў аўтобусе (у два бакі) – 25 руб/чал.
Кошт абеду ва Уселюбе – 10 руб/чал (гарнір з мяснымі стравамі, салата, гарбата/кава + печыва).
Запісацца ў паездку з Мінска і набыць білет на аўтобус можна па тэлефонах:
+ 375 29 124 93 21
+375 33 320 11 48
+ 375 29 754 64 11
Падрабязней пра фестываль можна прачытаць па спасылцы