Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю адпустовай Імшы пры крыніцы святога Якуба

2020 07 06 studnia 004У нядзелю 25 ліпеня ў дайлідскай парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі (Астравецкі дэканат) пры крыніцы святога Якуба, што на ўскрайку вёскі Тракелі, адбудзецца святая Імша з нагоды адпустовай урачысасці.

Цэлебрацыю ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуша Кандрусевіч.

Пачатак у 12.00

Крыніца святога Якуба — адзіная з такой назвай у Беларусі — з’яўляецца пачаткам шляху пілігрымкі з нашай краіны ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, да рэліквій святога апостала Якуба.

Вада з крыніцы з даўніх часоў лічыцца гаючай.

У змрочныя савецкія часы ваяўнічага атэізму гэтае незвычайнае месца культу спрабавалі знішчыць, аднак жыватворчая вада Божай Праўды прабілася праз нагрувашчаныя завалы хлусні і насілля. Намаганнямі мясцовых вернікаў на чале з іх шматгадовым душпастырам ксяндзом Алегам Шпенем удалося расчысціць і аднавіць крыніцу каля вёскі Тракелі. Адшукаць адпаведныя дакументы пра «водную святыню» дапамог біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

З таго часу пры крыніцы ў свята святога апостала Якуба адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці. У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі. У 2017 годзе адпустовую ўрачыстасць тут узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а ў 2019 годзе — біскуп Юрый Касабуцкі.

Даехаць да крыніцы можна на асабістым транспарце. Даезд ад Дайлідак (з боку Астраўца ў бок Солаў) да вёскі Тракелі, дзе ёсць указальнікі да крыніцы Якуба.

Дайлідскія парафіяне на чале з пробашчам ксяндзом Алегам Шпенем шчыра запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у супольнай малітве пры крыніцы. Тут жа ёсць магчымасць набраць крынічнай вады ў свой посуд.

Паводле Catholic.by