Сёлета адбудзецца шэраг сустрэч для членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”, якія штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.
Першая сустрэча пройдзе ў суботу 10 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) у межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў.
Праграма сустрэчы:
10.00 – спеў да Маці Божай Tракельскай i Ларэтанская літанія (з удзелам апостальства “Маргарытка”)
10.30 – канферэнцыя “У Табе наша надзея”
11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь
12.00 – урачыстае прынясенне абяцання кандыдатамі ў апостальства “Маргарытка”
12.30 – святая Імша
Мадэратар малітоўнай групы руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі запрашае ўсіх святароў да ўдзелу ў Імшы, каб праз супольную малітву выказаць удзячнасць усім тым, хто падтрымлівае іх штодзённае пастырскае служэнне.
Наступныя дзве сустрэчы пройдуць у касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім) у Гродне:
25 ліпеня (нядзеля) – святая Імша ў 12.30
29 жніўня (нядзеля) – святая Імша ў 12.30
Даведка:
Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтнага святара. Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў да сакрамэнту святарства і шанаванне яго.
Мэтаю руху з’яўляецца таксама малітва аб лучнасці святароў са сваімі біскупамі і Апостальскай Сталіцай, за Святога Айца і ўсю супольнасць Касцёла, заахвочванне вернікаў да супрацоўніцтва са святарамі, малітва аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, падтрымка асобаў, якія рыхтуюцца да святарства і манаскага жыцця.
“Маргарыткі” акружаюць апекай духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і кансэкраваных асобаў, прысвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяраванне ім дару дня на працягу ўсяго свайго жыцця.
У руху “Маргарытка” ўсё павінна быць простым і шчырым: той, хто свядома ўключыўся ў гэтую форму апекі, ахвяруе на працягу жыцця адзін дзень у тыдзень у інтэнцыі выбранага святара.