Skip to main content

Біблійная школа ў Навагрудку распачынае заняткі ў новым фармаце

xRc2Bs6riZcЧарговай сустрэчай, якая адбудзецца з 28 па 30 мая, Біблійная школа “Прафэтас” у Навагрудку распачынае заняткі ў новым, больш даступным фармаце навучання.

Цяпер навучанне будзе сумяшчаць у сабе больш дакладную працу па змесце Бібліі, з паралельным вывучэннем Старога і Новага Запаветаў, засяроджваючыся на характарыстыцы паасобных кніг абодвух запаветаў. Дадаюцца таксама адна гадзіна для вывучэння старажытных біблійных моваў дзеля агульнай арыентацыі ў арыгінальных тэкстах і адна гадзіна ўступу (інтрадукцыі) у Біблію для людзей, якія толькі пачынаюць знаёмства з Божым словам.

Як і на папярэдніх сустрэчах, захоўваюцца праца ў групах і экзэгезіс (тлумачэнне і разуменне) Божага слова, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і вячэрнія таварыскія сустрэчы, праграма асабістага чытання Бібліі на кожны дзень.

Біблійная школа ў Навагрудку – базавы курс, які ўводзіць слухачоў у пазнанне і разуменне тэкстаў Старога і Новага Запаветаў. На працягу ўсяго года раз у месяц кожны можа знайсці адказы на найбольш актуальныя пытанні, звязаныя з Бібліяй, гісторыяй яе паўстання і пасланнем, якое нясе ў сабе Божае слова для сучаснасці.

У занятках можа ўдзельнічаць кожная паўналетняя асоба. На сустрэчы запрашаюцца лідары евангелізацыйных груп, аніматары біблійных сустрэч, якія дапамагаюць на месцах сваім душпастырам, а таксама ўсе, хто шукае разумення таго, якое вялікае значэнне ў жыцці кожнага мае Божае слова.

Мэтай біблійнай школы “Прафэтас” з’яўляецца не толькі дапамога ў пазнанні зместу, пасылу і асноўных праўдаў хрысціянскай навукі, але і падтрымка тых, хто хоча лепш ведаць Божае слова і на ім будаваць уласнае жыцццё. Біблійная школа – гэта таксама магчымасць стварэння духоўнай і малітоўнай супольнасці, дзялення досведам, наладжвання адносін і сяброўства, матывавання да служэння пры парафіях, падтрымкі сваіх душпастыраў у іх евангелізацыйных ініцыятывах.

Біблійная школа дзейнічае не толькі дзеля таго, каб людзі чыталі Біблію, бо самога чытання мала. Галоўная мэта – суправаджэнне на шляху да сталасці веры, якая засноўваецца на асобе Езуса Хрыста – цэнтры ўсяго Пісання. Гэтага немагчыма дасягнуць без адносін з іншымі людзьмі (сацыяльнае вымярэнне веры, бо Касцёл – гэта супольнасць) і прафесійнага суправаджэння па асноўным пасыле Святога Пісання, якое ажыццяўляюць дасведчаныя выкладчыкі-біблісты. Арганізатары школы вераць і маюць досвед таго, што Бог асаблівым чынам дзейнічае там, дзе людзі збіраюцца ў імя Езуса.

У кантэксце паглыбленага вывучэння Божага слова варта ўзгадаць выказванне Папы Францішка: “Адносіны паміж Уваскрослым, супольнасцю вернікаў і Святым Пісаннем з’яўляюцца экстрэмальна жыццядзейнымі для нашай тоеснасці. Без Пана, які нас уводзіць, немагчымае разуменне глыбіні Божага слова. Гэта дзейнічае таксама і ў адваротным боку: без Святога Пісання падзеі, якія вынікаюць з Місіі Езуса і Яго Касцёла ў свеце, з’яўляюцца немагчымымі для разумення і інтэрпрэтацыі. Таму слушна святы Геранім напісаў: «Няведанне слова Божага з’яўляецца няведаннем Хрыста»” (Aperuit Illis).

Заняткі адбываюцца раз у месяц пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская вобласць) пры былым кляштары айцоў дамініканаў па адрасе: вул. Савецкая, 2.

Запісацца можна па нумары: +375 44 771 99 83 (Марына)

або даслаць запыт на электронную скрыню: nowogrudec@gmail.com