Пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) кс. Павел Салабуда разам з членамі супольнасці мужчын святога Юзафа запрашаюць усіх мужчын і юнакоў горада Гродна і наваколля на Ружанец, які адбудзецца ў гэтай парафіі ва ўрачыстасць святога Юзафа, 19 сакавіка.
Малітва пройдзе пасля Імшы на 19 гадзін.
Трэці год запар адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога прысутныя разам памоляцца Ружанец. У Год святога Юзафа, які праходзіць сёлета, удзельнікі малітвы падрыхтуюць разважанні на тэму, як знайсці сваё месца побач з Езусам на ўзор гэтага святога. Праз заступніцтва святога Юзафа і Маці Божай мужчыны памоляцца аб сапраўдным перажыванні сваёй місіі і за свае сем’і.
Жадаючыя змогуць уступіць у супольнасць святога Юзафа, якая дзейнічае ў Гродне пры катэдральнай парафіі і пры маладой парафіі ў Альшанцы.