Сотні вернікаў у дождж удзельнічалі ў інсцэніраваным Крыжовым шляху вуліцамі Гродна
23 сакавіка ў Гродне адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях вуліцамі горада. У набажэнстве ўзялі ўдзел сотні вернікаў.
У мінулыя гады Крыжовы шлях не праводзіўся па прычыне пандэміі каранавірусу. Цяпер жа вернікі зноў выйшлі на вуліцы горада над Нёманам, каб, удзельнічаючы ў гэтым набажэнстве, напярэдадні Пальмовай нядзелі, якая распачынае Вялікі тыдзень, яшчэ раз перажыць апошнія хвіліны зямнога жыцця Езуса Хрыста.
Крыжовы шлях пачаўся ў катэдры св. Францішка Ксаверыя. Святыня была напоўнена вернікамі гродзенскіх парафій, якія сабраліся, каб ушанаваць Муку Езуса, а таксама каб вучыцца жыць і паміраць паводле Божай волі, верна і адважна несці жыццёвы крыж, які дае Бог.
На пачатку арганізатары набажэнства заклікалі прысутных ахвяраваць свой удзел у ім за душы памерлых, асабліва за ўсіх ахвяр войнаў і тэрарыстычных актаў, а таксама за навяртанне грэшнікаў.

Затым удзельнікі рушылі за Езусам, які нёс крыж па вуліцах горада. Крыжовы шлях уключаў 14 прыпынкаў, на якіх вернікі ўспаміналі падзеі, звязаныя з жыццём Хрыста, разважалі пра Яго велізарны боль і пакуты.
Сёлета набажэнства было нялёгкім, бо ўвесь час на яго працягу ішоў дождж. Разам з тым на кожным прыпынку Крыжовага шляху адбывалася прадстаўленне, якое дапамагала ўдзельнікам глыбей засяродзіцца на пакутах Езуса і задумацца над сваім жыццём і паводзінамі.

Падрыхтаваць інсцэніраванае набажэнства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч папрасіў вернікаў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы. У пастаноўцы было задзейнічана каля 40 чалавек на чале з пробашчам а. Вальдэмарам Слотам CSsR. Хоць сярод іх няма прафесійных акцёраў, яны стварылі антураж, гістарычныя касцюмы, глыбока ўвайшлі ў ролі евангельскіх персанажаў.
Удзельнікі Крыжовага шляху прайшлі вуліцамі горада да найстарэйшай гродзенскай святыні – касцёла Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі), дзе набажэнства завяршылася.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ішоў сярод удзельнікаў, падзякаваў за тое, што да Крыжовага шляху, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, далучылася так шмат людзей, падзякаваў за любоў да Касцёла і Езуса Хрыста. Таксама іерарх выказаў удзячнасць парафіянам Вялікай Бераставіцы за працу падрыхтоўкі набажэнства.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне на плённае перажыванне Вялікага тыдня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Крыжовы шлях — гэта напамін пра шакуючы сваім жорсткім рэалізмам найважнейшы ў гісторыі збаўлення ахвярны чын Божага Сына: Яго дарогу пакутаў ад месца смяротнага прысуду з вуснаў Пілата (у т. зв. крэпасці Антонія) праз вуліцы Ерузалема да ўрочышча за сценамі горада пад назвай Галгота (лац. Кальварыя). Там Хрыстус быў укрыжаваны і памёр за збаўленне чалавецтва. Захаваліся дакладныя гістарычныя крыніцы з 380 г., якія апісваюць перадвелікодныя набажэнствы хрысціянаў Ерузалема з нагоды наведвання мясцінаў, звязаных з найважнейшымі пасхальнымі падзеямі: шэсце з малітвамі і спевамі ў Пальмовую нядзелю, наведванне Гетсіманскага саду ў Вялікі чацвер, малітоўная працэсія на Галготу і адарацыя Крыжа ў Вялікую пятніцу.
8 красавіка, у Вялікую сераду, вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла прайшлі Крыжовым шляхам.