Skip to main content

Слова Жыцця

3 жніўня – каментарый да першага чытання на ХVIIІ Звычайную нядзелю (Экл 1, 2; 2, 21–23)

maxresdefault 2

Стаць трошкі манахам

Напэўна, фрагмент кнігі Эклезіяста нас, вучняў Хрыста, здзіўляе сваім песімізмам. Вось што гаворыць старазапаветны мудрэц: “Марнасць марнасцяў, марнасць марнасцяў і ўсё марнасць. Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам. Бо ўсе дні ягоныя – гэта пакуты, і смутак – праца яго, нават уначы яго сэрца не мае спакою. І гэта марнасць” (Экл 1, 2; 2, 22–23). Але як так? Мы, хрысціяне, прызвычаіліся да чыннай паставы: дзейнічаем, змяняем свет, нясём людзям дапамогу, імкнёмся рабіць карысную працу і г. д. Аднак, калі прызнацца шчыра, і мы часамі бачым бессэнсоўнасць сваіх намаганняў.

З часоў хрысціянскай старажытнасці многія мужчыны і жанчыны, якія адчувалі марнасць штодзённага жыцця, пакідалі сваё камфортнае існаванне ды сыходзілі ў пустынныя месцы, каб там маліцца ды сузіраць Бога. Так узнікла манаскае жыццё. Асаблівае значэнне яно мела на хрысціянскім Усходзе.
Манаства многія ўспрымаюць як уцёкі ад жыцця. Аднак на самой справе гэта ўцёкі ад марнасці жыцця, дзе праца і клопаты не маюць сэнсу. Манах асаблівым чынам выконвае тое, да чаго пакліканы і кожны хрысціянін: ён ахвяруе Богу сваё жыццё, малітву, працу. Св. Ян Павел ІІ пісаў: “Манастыр – гэта прарочае месца, дзе стварэнне стаецца праслаўленнем Бога, і запавет любові, непасрэдна перажыванай, стаецца ідэалам чалавечага суіснавання, і дзе чалавек, што шукае Бога без ніякіх абмежаванняў і перашкод, стаецца арыенцірам для іншых, носячы іх у сваім сэрцы і дапамагаючы ім на шляху да Бога”.

Але ж мы не манахі, што тады рабіць? Думаю, кожнаму хрысціяніну варта зрабіцца “трошкі манахам”. Свае штодзённыя абавязкі – працоўныя, сямейныя – прысвячаць Богу, любіць тых, каго Госпад паставіў на шляху, каб наша жыццё не было марнасцю, а напоўнілася сэнсам.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду

слова жыцця, 15 (659), 27 ліпеня 2025