У суботу 14 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбудзецца ўрачыстасць Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. Сёлета адзначаецца 330-годдзе з таго часу, як абраз Маці Божай Барунскай быў прызнаны цудадзейным.
Традыцыяй стала правядзенне перад урачыстасцю навэнны Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.
Навэнна – духоўная падрыхтоўка да свята, якая працягваецца дзевяць субот. Праз навэнну вернікі праслаўляюць мацярынскі клопат, з якім Найсвяцейшая Панна Марыя просіць у Бога ласкі, неабходныя для людзей, каб яны ўзрасталі ў веры і шчасліва дасягнулі мэты свайго зямнога вандравання – Езуса Хрыста.
Шмат людзей шукалі ў Барунах суцяшэння і паратутку і знаходзілі. 330 гадоў Панна Марыя Барунская, як найлепшая Маці, выслухоўвае, суцяшае, дапамагае.
У канцы XVII стагоддзя Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, калі той ляжаў моцна хворы і чакаў смерці. Яна сказала яму: “Чаму не задбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражыца? Хачу, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе пры Маім абразе. Не клапаціся пра тое, што загадваю табе будаваць касцёл у глухой пушчы. Спраўлю, што нават тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Спраўлю так, што штодзённа будзеш мець нейкую ахвяру ад Маіх верных. Гэтае месца назавеш Барунамі. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца”.
Абраз Маці Божай быў перададзены Мікалаю як найкаштоўнейшы скарб яго сваяком, айцом Ёзафатам Бражыцам з ордэна Васіля Вялікага. Мікалай зразумеў сваё прызначэнне, склаў прысягу Найсвяцейшай Панне выканаць Яе пажаданне і поўнасцю выздаравеў.
Першай яго справай было наняць трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на ўказаным месцы крыж. На ім ён змясціў абраз. Гэта адбылося ў 1691 годзе.
Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны. Калі завешвалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты бяздольны чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго – ён стаў відушчым. Вестка аб гэтым хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя. Ахвяраванняў у скарбонцы хапала Мікалаю на кожны дзень будаўніцтва, як і абяцала Багародзіца.
У 1692 годзе паўстаў драўляны касцёл. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюжджваліся ўсё далей. З усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.
У тым жа годзе Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, атрыманыя ад Маці Божай. Да канца студзеня 1693 года было праверана і запісана 72 цуды, не лічачы цудоўных выпадкаў, расказаных Мікалаем Песляком, і тых, якія перажыў айцец Ёзафат Бражыц.
Пад прысягай складаліся сведчанні аб выратаванні жыцця, вяртанні з няволі, пазбаўленні ад невылечных хвароб, навяртанні закаранелых грэшнікаў і людзей малой веры, хрысціянскай падрыхтоўцы да смерці, цудоўным выздараўленні канаючых, нават уваскрашэнні памерлых. Перад Барунскім абразом людзі атрымоўвалі ў сэрцах адказы на свае пытанні. Некаторыя атрымлівалі ласку аздараўлення ў той момант, як толькі звярталіся да Нябеснай Суцяшальніцы, як, напрыклад, ксёндз Гелаўтовіч (адкрыты пералом нагі ў яго загаіўся раптоўна, як толькі ён звярнуўся да Маці Божай Барунскай).
Калі камісія скончыла працу, у Баруны прыехаў асабіста грэка-каталіцкі Мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі і пасля дакладнага разгляду даследванняў аб цудах выдаў 2 лютага 1693 г. дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў – праўдзівымі.
У 1712 годзе дзякуючы намаганням біскупа Леона Кішкі была выдадзена кніга “Мора ласк і шчодрасцей Боскіх у Пушчы Барунскай плывучых”, у якой былі занатаваны цуды (больш чым 460 з 1692 па 1712 г.), атрыманыя перад Барунскім абліччам Панны Марыі. Сярод іншага ў кнізе распавядаецца, як цяжка хворая Ганна Гурска, усклікнуўшы: “Ратуй мяне, Маці Барунская”, атрымлівае здароўе. З вялікай верай да святога абраза звярнуўся сляпы ад нараджэння 40-гадовы Алёвіч. Калі ён вырушыў у Баруны, пачуўшы касцёльныя званы, пачаў бачыць.
Пра адзін з такіх цудаў распавяла нам Галіна Іосіфаўна Смолік. Яна нарадзілася ў 1939 годзе ў вёсцы Ардашы, была восьмым дзіцём у сям’і. Яе бацька памёр, калі ёй было 5 гадоў. Неўзабаве згарэў іх дом і ўся маёмасць. Яны перайшлі жыць да сястры маці. Маленькая Галінка не магла хадзіць. Мама вазіла яе да ўрачоў, але ўсё было дарэмна. У дзень святога Казіміра яна прывезла дачку ў барунскі касцёл да цудадзейнага абраза і горача малілася, просячы ласкі здароўя для дзіцяці. Яна ахвяравала Маці Божай Барунскай “лянок” (саматканую ільняную тканіну), бо грошай не было. Галіна Іосіфаўна ўспамінае, як прыехалі на кані, як мама знесла яе на руках па сходках, выкладзеных з каменю да студзенькі ў крыпце пад касцёлам, і доўга малілася. Тады ёй было 6-7 гадоў, і дзіцячая памяць назаўжды захавала гэтую падзею. Яна запомніла, як маці дала ёй папіць вады і абмыла, затым па сходках несла яе наверх. Калі ўжо амаль падняліся, дзяўчынка нечакана папрасіла: “Мама, давай я сама пайду”. Не верачы сама сабе, жанчына спусціла яе на падлогу, і малая сама смела пайшла па касцёле. З таго часу Галіна кожны год прыходзіла на адпустовую ўрачыстасць у Баруны пехатой, і нават калі хтосьці прапаноўваў падвезці, адмаўлялася. Яна казала, што прыносіла ахвяру ў духу падзякі за “ногі”. Кожную раніцу і кожны вечар яна дзякуе Матачцы Божай за гэтую ласку.
Сёлетняя ўрачыстасць у Барунах распачнецца ў 12 гадзін. Пробашч парафіі кс. Павел Паўлюкевіч і барунскія вернікі шчыра запрашаюць на яе.
Ганна Каханоўская, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі