Ад самага пачатку існавання хрысціянства розныя грамадскія групы спрабавалі так вытлумачыць навуку Езуса Хрыста, каб мець магчымасць абапіраць на ёй сваю ідэалогію. Несумненна, гэта сведчыць аб універсальнасці Святога Пісання і яго паходжанні ад Бога. Парадаксальнай была сітуацыя, калі бязбожныя ідэалогіі, такія як марксізм ці фашызм, рабілі спробы аўтарытэтам Бібліі апраўдаць свае злачынствы.
Тэалогія вызвалення, распаўсюджаная ў Паўднёвай Амерыцы, абапіралася на меркаванні, што Езус быў першым марксістам, які наказаў жыць у камуне і пазбывацца прыватнай уласнасці. Прыхільнікі вобраза “чырвонага Бога” часта абапіраліся на фрагмент Евангелля пра багатага чалавека:
«Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці». Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». (Лк 18, 18-25)
Калі не браць пад увагу ўвесь змест Евангелля, то сапраўды можна падумаць, што Езус негатыўна адносіцца да багацця і прыватнай ўласнасці. У адным з інтэрв’ю праф. М. Вайцяхоўскі патлумачыў, што ў гэтай прыпавесці крытыкуецца не валоданне ўласнасцю, а надмерная прывязаннасць да яе. Ставіць багацце вышэй за любоў да Бога з’яўляецца грахом не толькі для багатых, але і для людзей сярэдняга дастатку і малазабяспечаных. Таму абсурдальным з’яўляецца адрачэнне ад усёй маёмасці, бо тады мы б усе павінны былі стаць аскетамі, што прывяло б да знікнення цывілізацыі. Іншыя фрагменты Бібліі бачаць у багацці благаслаўленне, бо чалавек ужо ў Кнізе Быцця атрымаў зямлю ва ўласнасць. Не само багацце і рацыянальнае карыстанне ўласнасцю нішчыць асобу, а пыха і імкненне да прыбытку негледзячы ні на што. Аднак сацыяліст скажа: Добра, але калі Госпад даў зямлю ва ўласнасць усім людзям, то яна належыць не адзінкам, а калектыву!